А ты ехаў
16823 / 0
27.07.2018

Чаканьне, ад якога шалееш. Вар’яцкі кліп ад By Cry

Гурт By Cry прэзэнтуе ў відэачарце на TuzinFM свой чарговы кліп, гэтым разам на песьню «А ты ехаў», у якой аўтарка, выканаўца і рэжысэрка Аляксандра Грахоўская паспрабавала перадаць атмасфэру чаканьня кінэматаграфічнаю моваю.

Відэа на песьню «А ты ехаў», прэзэнтаваную летась на TuzinFM, By Cry зьнялі ў кузьні, якую прадаставіў адзін з прыхільнікаў гурта. За рэжысуру і мантаж была адказная лідэрка каманды Аляксандра Грахоўская, у якасьці апэратара выступіў Максім Бабіч.

«Акрамя музыкаў, гард-кору, драйву, у кліпе для мяне вялікую каштоўнасьць мае вобразная атмасфэра, — кажа Аляксандра. — Мы паспрабавалі кінэматаграфічнай мовай раскрыць тэму, фэномэн „чаканьня“, ад якога шалееш, сівееш, вар'яцееш». Сьпявачку дапаўняе гітарыст By Cry Сяргей Стэц, які сваімі словамі тлумачыць сэнс відэа: «У жыцьці ўвесь час чакаеш чагоcьцi прыгожага і цудоўнага, а яно праяжджае міма і нават ня думае заехаць да цябе ў госьці. І калі ты застаесься сам-насам са сваім вар'яцтвам, то разумееш, што гэта і ёсьць твой танец жыцьця».

«А ты ехаў» — сёмы па ліку кліп у відэаграфіі гурта. Музыкі вырашылі рабіць відэаўвасабленьне на кожную сваю песьню. Новыя трэкі і відэа By Cry даступныя ў афіцыйнай суполцы каманды.

By Cry — А ты ехаў (рэжысэрка — Аляксандра Грахоўская)

TuzinFM