«(Не) расстраляная паэзія». Прэм’ера музычнага праекту і курсу відэалекцыяў пра паэтаў 1930-х (аўдыё+відэа)
11832 / 0
27.10.2017

«(Не) расстраляная паэзія». Прэм’ера музычнага праекту і курсу відэалекцыяў пра паэтаў 1930-х (аўдыё+відэа)

Пабачыў сьвет праект парталу TuzinFM «(Не) расстраляная паэзія», героямі якога сталі 12 беларускіх пісьменьнікаў, расстраляных у 1937-м годзе. На іх словы вядучыя музыкі краіны стварылі песьні, на facebook зьявіліся старонкі іхнай памяці, дасьледчыкі падрыхтавалі лекцыі пра іх жыцьцё і творчасьць, з друку выйшлі дызайнэрскія нататнікі з выявамі творцаў і цытатамі зь іх твораў.

Праект «(Не)расстраляная паэзія» — плён паўгадавой працы больш чым 60 чалавек: музыкаў, дасьледчыкаў літаратуры, дызайнэраў, саўндпрадусараў, рэжысэраў ды актораў. У кранальным прома-роліку Арцёма Лобача ў ролі «паэтаў маладой краіны» зьняліся Павал Харланчук, Алена Гіранок і Андрэй Саўчанка. Таксама зьявілася 12 відэазваротаў удзельнікаў праекту з заклікам зьвярнуць увагу на паэтаў 1930-х гадоў. 

Музыку да вершаў расстраляных у 1937-м літаратараў пагадзіліся напісаць вядучыя беларускія выканаўцы. Кожны зь іх па-свойму адгукнуўся на тую радасьць і боль, спадзевы і безвыходнасьць, якімі прасякнутыя творы паэтаў. Якраз гэтую супярэчлівасьць пачуцьцяў перадае ў сваёй п’есе на словы Юркі Лявоннага «Настроі» гурт Vuraj. Рэпэр Vinsent напісаў ліст паэту Зяму Півавараву ў адказ на ягонае захапленьне будаўніцтвам мэтро ў Маскве: «Ты ім пракапаў мэтро, яны табе — магілу». Сьвятлана Бень вырашыла перадаць настрой верша Ізі Харыка празь містычную кампазыцыю, у якой гучыць жывы голас сярод бязмоўнай сусьветнай пустэчы. Лявона Вольскага крануў лірычны верш Юлія Таўбіна, у якім 18-гадовы паэт сумуе па сваёй маладосьці, а гурт Naka выканаў песьню на верш Валерыя Маракова, у якім гучыць трагічная прадвызначанасьць: «Хтось будзе на нашых магілах вясной сьпяваць з захапленьнем пра шчасьце і волю!» Нечаканы трэк запісаў Зьміцер Вайцюшкевіч. Каб перадаць сваё адчуваньне верша Ўладзіслава Галубка «Будучыня» ён сплёў разам электронную і клясычную музыку. Гульлівы блюз на словы Майсея Кульбака стварыў Павал Аракелян. Песьняю зрабілі апавяданьне Міхася Зарэцкага музыкі з гурту Re1ikt. Нібы адмыслова для гурту Dzieciuki Міхась Чарот напісаў верш «Бунтар», тая ж гісторыя зь вершам Анатоля Вольнага «Я цябе пакахаў», які выдатна падышоў пад ідэйную ды эстэтычную канцэпцыю гурту Akute. Вельмі кранальнай атрымалася песьня ў Кацярыны Ваданосавай на верш Алеся Дудара «Асыпае чэрвень белы сад». Песьні былі запісаныя (акром Сьветы Бень і Akute) і зьведзеныя саўндпрадусарам праекту Паўлам Сінілам на студыі Everest.

Cпампаваць альбом адным файлам з TuzinFM (.zip)

Усе песьні з праекту «(Не) расстраляная паэзія» ўдзельнічаюць у адмысловым туры гіт-параду на TuzinFM. У камэрным гучаньні яны прадстаўляюцца на лекцыях праекту, якія праходзяць з пачатку верасьня штотыдня ў кнігарні «Логвінаў». Дасьледчыкі беларускай літаратуры апавядаюць пра жыцьцё і творчасьць кожнага з 12 паэтаў-герояў «(Не)расстралянай паэзіі». Лекцыі трансьлююцца он-лайн у Facebook праз старонкі паэтаў, якія таксама былі створаныя ў межах гэтага праекту. Старонкі напаўняюцца фота, вершамі, успамінамі пра гэтых асобаў. Адрасы ўсіх старонак можна знайсьці ў гайдзе па праекце, які падрыхтаваў сайт 34mag.net.

Лекцыі праекту ішлі да 16 лістапада. На кожнай зь лекцыяў былі таксама прэзэнтаваныя дызайнэрскія нататнікі аўтарства Кацярыны Пікірэні з выяваю кожнага з паэтаў і цытатаю зь ягонага твору.

Канцэртная прэзэнтацыя праекту прайшла 29 кастрычніка ў менскім клюбе «Брюгге». Квіткі на яе скончыліся за чатыры дні да пачатку імпрэзы.

Кропка ў праекце «(Не)расстраляная паэзія» на прэзэнтацыі альбому, лекцыях і канцэрце ня будзе пастаўлена. Прадусар праекту Сяргей Будкін кажа, што магчымы працяг. 

TuzinFM