Бывайце здаровы
4949 / 1
30.12.2015

Песьня, актуальная ў крызіс і сьцюжу ад Вайцюшкевіча і Pauline (прэм’ера)

Славутаму сьпеву, які лічаць сваім ня толькі беларусы, але і ўкраінцы з расейцамі, у новым годзе спаўняецца 80 гадоў. Менавіта «Бывайце здаровы» ў выкананьні cьпявачкі Pauline і Зьмітра Вайцюшкевіча гучыць у фінале праекту «Новае пакаленьне на Новы год».

«Гэтая песьня ніколі не губляла сваёй актуальнасьці. Асабліва дарэчы яна гучыць узімку. Асабліва ў час, калі крызыс. Гэта наша пасланьне ўсім беларусам. Вельмі хочацца, каб у нас усё заўжды было добра, таму і пяем яе!» — кажа Зьміцер Вайцюшкевіч у выкананьні якога ўжо ў 00-я гэты сьпеў атрымаў другое дыханьне. У песьні «Бывайце здаровы» цікавая гісторыя. Яе лічаць сваёй расейцы і ўкраінцы, існуе таксама варыянт па-літоўску. Беларускі тэкст быў напісаны ў 1936 годзе. А першай твор прасьпявала маці Адама Русака, якая паклала словы сына на вядомы ў іх роднай вёсцы Пясочнае вясельны матыў. Паралельна сваю мэлёдыю на «Бывайце здаровы» прыдумаў сакурсьнік Русака па Менскім музычным тэхнікуме Ісак Любан, а на расейскую пераклаў Міхаіл Ісакоўскі, які памылкова прыняў тэкст за народны і пэўны час менавіта яго лічылі аўтарам музыкі. У 40-я гады «Бывайце здаровы» гучала ў розных выкананьнях на радыё, у кінафільмах, выдавалася на грампласьцінках. Найбольшую вядомасьць у беларускамоўным варыянце яна атрымала ў выкананьні Ларысы Александроўскай (1942). Вэрсія Вайцюшкевіча была запісаная для праекту «Я нарадзіўся тут» (2000), з таго часу яна трывала ўвайшла ў рэпэртуар сьпевака.

Менавіта ёю вырашана было ўпрыгожыць праект «Новае пакаленьне на Новы год», для якога Зьміцер Вайцюшкевіч выканаў яе ўжывую разам зь піяністам Канстанцінам Гарачым і баяністам Аляксандрам Шувалавым у дуэце зь сьпявачкай Pauline (Палінай Цімохінай). «Дуэт са Зьмітром атрымаўся нечакана і спантанна. Мы мусілі адлюстраваць у нашым нумары сувязь паміж двума пакаленьнямі. А сама песьня гэта як увасабленьне добрых традыцыяў, якія мы шануем і перадаем адно адному. Мне здаецца, экспэрымэнт атрымаўся ўдалы, цёплы, душэўны. Тое, што трэба для сямейнага сьвята!» — кажа Паўліна, якая сёлета прызнаная адкрыцьцём году ў беларускай музыцы.

Песьня «Бывайце здаровы» была запісаная для праекту «Новае пакаленьне на Новы год», відэавэрсію якога можна паглядзець 31 сьнежня 2015 году ў 23:15 (па беларускім часе) на тэлеканале «Белсат».

Зьміцер Вайцюшкевіч feat. Pauline — Бывайце здаровы (музыка Ісака Любана, словы Адама Русака)

Tuzin.fm

Бывайце здаровы,

Жывiце багата,

А мы ўжо ж паедзем

Да дому, да хаты.

У зялёнай дуброве

Мы начаваць будзем.

І вашае ласкi

Вавек не забудзем.

 

У вашай гасподзе

Шырокае поле,

Няхай жа на шчасьце

Цьвiце ваша доля.

На рэчках на вашых

Бурлiлi каб воды

І плавалi з крыкам

Гусей карагоды.

 

Каб жыта ў полi

Трубою вiлося,

Каб сала ў хаце

Кубламi вялося.

Штодзень у капусьце

Каб плавала шкварка,

Да ёй, калі трэба,

Вялася б i чарка.

 

Яшчэ вам жадаем

Прыбытку ў хаце —

Ні мала ні многа —

Штогод па дзiцяцi.

Ня будзем мы ў крыўдзе

Яшчэ i за тое,

Калi пашанцуе

На год i па двое.

 

Дарогу ж мы знаем

Да вас, ягамосьці,

I езьдзіць мы будзем

Да вас часта ў госьці.

Эй, хто на адведы,

Эй, хто на радзіны –

Вазіць караваі

Па дзьве паўасміны.

 

Бывайце здаровы,

Жывiце багата,

А мы ўжо ж паедзем

Да дому, да хаты.

У зялёнай дуброве

Мы начаваць будзем.

І вашае ласкi

Вавек не забудзем.

КАМЕНТАРЫ:

  • Прохор Мефодиев
    Прохор Мефодиев / адказаць
    30.12.2015 / 16:17

    Хто б сумняваўся - Вайцюшкевіч выбраў сабе менавіты маладую дзеўку для дуэту))

  • КАМЕНТАВАЦЬ