Я цябе пакахаў
6546 / 0
26.09.2017

Зь несызьмернай глыбі. Akute зрабілі песьню на верш Анатоля Вольнага (прэм’ера+лекцыя)

Гурт Akute прэзэнтуе на TuzinFM свой новы твор «Я цябе пакахаў», запісаны для праекту «(Не)расстраляная паэзія» на словы паэта Анатоля Вольнага.

Калі я прачытаў гэты верш, сумневаў не было — ён напісаны акурат для гурту Akute, няхай сабе і 90 гадоў таму. Магілёўскі гурт зь вялікай цікавасьцю паставіўся да прапановы паўдзельнічаць у праекце «(Не)расстраляная паэзія» і ўпадабаў гэты твор Анатоля Вольнага. Музыкі ўбачылі ў гэтым праекце рэальную магчымасьць нагадаць пра рэпрэсаваных літаратараў. Хваля рэпрэсіяў 30-х, дарэчы, кранула і сям’ю ўдзельніка каманды Ромы Жыгарава. Рома і Стас Мытнік зрабілі песьню на верш паэта ў клясычным «акутаўскім» стылі, але яна можа зьдзівіць прыхільнікаў каманды. Паводле яе можна меркаваць пра саўнд будучага альбому каманды, які цяпер рыхтуецца. Ёсьць спадзеў, што яна таксама прыцягне ўвагу да асобы самога паэта.

Падтрымаць праект на Talaka.by

Анатоль Вольны (Ажгірэй) — вельмі цікавая асоба, паводле жыцьця якой можна зьняць захапляльны фільм. Ён сам пісаў у аўтабіяграфіі, што з 14 гадоў ня быў дома — рос у камсамоле, але — што цікава! — маючы ў даробку паэму «Беларуская камсамолія» і зборнік «Камсамольская нота», ён лічыўся «майстрам контрарэвалюцыйных анэкдотаў», пісаў пародыі, фэльетоны і гумарэскі. Менавіта Вольны быў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк», стаў адным з пачынальнікаў беларускай прыгодніцкай прозы. Менавіта па сцэнары Анатоля Вольнага быў зьняты адзін зь першых беларускіх фільмаў «У агні народжаная» (які ў праекце «Тузін.Немаўля» агучыў у 2012-м гурт Re1ikt).

Сучасьнікі апісвалі Вольнага, як чалавека прывабнага і прыемнага ў зносінах. Ён меў блакітныя вочы і сьветлыя валасы, якія завіваліся, хадзіў у кашулi-касаваротцы. Ёсьць вэрсія, што псэўданім ён пазычыў у камсамольскай актывісткі Соні Фрай, якой пэўны час захапляўся («фрай» на ідыш акурат азначае «вольны»). Пасьля ў яго былі вельмі цёплыя адносіны з падпольшчыцай Верай Харужай, але лёс свой ён зьвязаў з Ганнай Кудзелькай — жонкаю паэта Міхася Чарота, калі запрасіў яе зьняцца ў стужцы «Хвоі гамоняць». У 1935-м Вольнаму далі званьне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, а праз год арыштавалі ў адзін дзень з Валерыем Мараковым, Міхасём Зарэцкім і Сымонам Баранавых як удзельніка контрарэвалюцыйнай арганізацыі. І ў адзін дзень з калегамі быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 году… Падрабязьней пра Анатоля Вольнага ў межах праекту «(Не)расстраляная паэзія» распавёў Антон Рудак.

Песьня «Я цябе пакахаў» возьме ўдзел у адмысловым туры аўдыёчарту на TuzinFM — першым у сэзоне 2017/2018.

Akute — Я цябе пакахаў (музыка гурту, словы Анатоля Вольнага).

Сяргей Будкін, TuzinFM

Ў мармуровым сьнягу

вецер

песьні

пісаў…

Вецер сьпеў

завіваў

у ліловы

вянок, —

Я цябе пакахаў,

Я цябе пакахаў…

Ў мармуровым сьнягу

вецер

песьні

пісаў…

Зь сінявокіх нябёс,

зь несызьмернай

глыбі

вецер зоркі

зрываў,

зь непакорнасьцю нёс.

Зьнікнеш зоркай і ты…

зьнікнеш

зоркай

і ты

зь сінявокіх нябёс,

зь несызьмернай

глыбі…

(1926)