!OUT: Музыка, прыглушаная слаямі вады
3688 / 0
09.05.2014

!OUT: Музыка, прыглушаная слаямі вады

Беларускія музыкі заснавалі ў Маскве дрым-поп праект «Невгень». Дэбютны альбом новага ўтварэньня Tuzin.fm прадставіў бас-гітарыст Аляксей Кульпін.

За апошнія 10 гадоў вялікая колькасьць беларускіх музыкаў атабарылася ў Маскве ды Піцеры. Слухаць беларусаў-эмігрантаў у Расеі модна. У выніку частых гастроляў «Нагуаля» ў расейскую сталіцу сьпявачка Марына Неўгень ды басіст Аляксей Кульпін таксама вырашылі там застацца. Тое адбылося гадоў яшчэ сем таму. Зь іх недзе пяць гадоў праект «Невгень» рыхтаваў дэбютны альбом.

«У нас музыка электронная, таму дакладна вызначыць, колькі мы пісалі гэты альбом, складана. Сам запіс і мікс заняў недзе паўгоду, астатні час даводзілі яго да ладу. Па стылі гэта, увогуле, індзі-поп. Зрэшты, калі ў індзі-поп летуценным голасам сьпявае дзяўчына, гэта яшчэ называюць дрым-поп. Ну, і я намагаўся напхаць туды ўсялякіх чэлвэйв-момантаў. Але, спадзяюся, тое ня надта яўна чуваць», — распавядае Аляксей Кульпін.

Альбом завецца «Яркая голубая переменная». Хаця музыка хутчэй ня яркая, а прыглушаная слаямі вады, не блакітнае вады, а глыбока-сіняе, марское, ды й зьменная хутчэй пастаянная, статычная. Голас Марыны зусім не зьмяніўся й па-ранейшаму рэтрансьлюе макрасьвет мікрадзяўчынкі. Вакал файна рэвэрбэруецца й спалучаецца з партыямі Аляксея. Дарэчы, у трэку 4 «Бай» бас-гітараў выкарыстана ажно пяць. Песьня створаная на тэкст Казімеры Ілаковіч — віленскае паэткі, унучкі філямата Тамаша Зана.

Аляксей Кульпін кажа пра гэты твор: «Мы з Марынай думалі пра альбом калыханак. Хацелі запісаць іх асобна ад праекту Nevguen. Прыдумалі некалькі, але зрабілі толькі адну. Мне ў нейкі момант падалося, што гэта такая страшная калыхынка. Ведаеш, у сялянскіх сем’ях часта паміралі дзеці. Таму змрок напрыканцы песьні больш-менш апраўданы. Нібыта маці прасьпявала сама сабе пад нос, і сама заснула бязрадасным трывожным сном».

Праект «Невгень» неаднойчы выступаў і запісваўся ў Менску. Першыя міньёны прадусаваў менскі гукарэжысэр Саша Геліх. А перадапошняя кампазыцыя «Кіт» — гэта па сутнасьці кавэр на старую рэч «Нагуаля». Першую ўласную вэрсію «Кіта» Марына й Аляксей колісь паспрабавалі зрабіць разам з акардэаністам Port Mone Аляксеем Варсобам. Рэпэтыцыйны запіс можна адшукаць у сацсетках. «Усё ж такі я прыдумаў у гэтай песьні бас, а Марына — вакальную мэлёдыю. Гэта, у прынцыпе, нашая песьня, таксама як і гурту „Нагуаль“. Сьмешна, але ў нашай вэрсіі гучыць баян Ягора Забелава. Я выдраў яго з мультытрэкавага запісу, які „Нагуаль“ колісь рабіў у Польшчы. Што думае „Нагуаль“ на гэты конт, я ня ведаю», — прызнаецца Аляксей.

Альбом «Яркая голубая переменная» даступны для праслухоўваньня і спампоўваньня на Bandcamp i Kroogi.com

Віктар Сямашка, фота з афіцыйнай старонкі гурту