Спалі тлушч
20038 / 0
28.03.2018

ЗЛЖ і беларуская мова. Піліп матывуе

Выканаўца Піліп Беспамылковы прэзэнтуе ў відэачарце на TuzinFM свой новы кліп «Спалі тлушч», у якім заклікае весьці здаровы лад жыцьця і карыстацца беларускай мовай.

Піліп Беспамылковы — адзін з праектаў Юрыя Юрчанкі, які ўваходзіць у ягоную агульную творчую канцэпцыю пад назваю «Краіна мараў». «Мае высілкі накіраваныя на тое, каб разьвіваць і падтрымліваць беларускую мову праз творчасьць», — кажа сам Юры. Ягоны пэрсанаж — Піліп Памылковы дэбютаваў з кліпам «Мы любім бульбу», а неўзабаве прэзэнтаваў другое відэа на песьню «Спалі тлушч».

«Спачатку меркавалася стварыць лёгкую песьню пра спорт, але паступова я прыйшоў да такога варыянту. Заклік вельмі просты — не сядзець на месцы, танчыць, ствараць, весьці актыўны і здаровы лад жыцьця. Толькі так дасягнем шчасьця, дабрабыту і здабудзем унутраную гармонію», — заявіў выканаўца з нагоды прэзэнтацыі кліпу на TuzinFM. Здымкі прайшлі ў Маскве, дзе Юры бывае па працы. Выканаўца і стаў рэжысэрам роліку. Неўзабаве абяцаецца працяг гісторыі пра Піліпа Беспамылковага.

Піліп Беспамылковы — Спалі тлушч (рэжысэр — Юры Юрчанка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

TuzinFM