Паліцэйскі рок-н-рол
1006 / 0
24.04.2019

«Тварам у брук!». Другое нараджэньне «Крамы» (прэм’ера)

«Крама» прэзэнтуе на TuzinFM песьню «Паліцэйскі рок-н-рол», якая анансуе будучы новы альбом каманды Ігара Варашкевіча. Яна запісаная з новым гітарыстам Андрэем Краўцэвічам на словы аўтара першых альбомаў гурта Ulis Фэлікса Аксёнцава.

«Паліцэйскі рок-н-рол» фактычна сьведчыць пра другое нараджэньне «Крамы». Доўгі час у гурце была неспрыяльная атмасфэра для творчасьці праз ідэйныя разыходжаньні Ігара Варашкевіча і Сяргея Трухановіча. Увосень іх канфлікт выйшаў на публіку. Сяргей заявіў, што ня бачыць больш сэнсу працаваць з гуртом. Сваю крытыку ў адказ выказаў Ігар. У выніку Трухановіч адмовіўся выйсьці на заяўлены ўжо канцэрт і паставіў кропку ў гісторыі з «Крамаю». Варашкевіч думаў сканцэнтравацца на сольным праекце. Далейшае існаваньне каманды апынулася пад пагрозаю…

Гурт «Крама» узору 2019 году

З сынглу «Паліцэйскі рок-н-рол» пачынаецца новая старонка ў гісторыі «Крамы». У гурт прыйшоў новы гітарыст – Андрэй Краўцэвіч (ён быў задзейнічаны ў такіх гуртах і праектах, як The Stokes, Flammable, StereoТипы, Top Gun, Los Bulbas). Гэта паўплывала на гучаньне, зьявіліся новыя задумы, актывізавалася праца над новым матэрыялам.

Музыку да «Паліцэйскага рок-н-ролу» Ігар Варашкевіч напісаў у 2017 годзе ў хатняй студыі Зьмітра Дзямідава, саўндпрадусара, экс-гітарыста гурта Indiga. Прычым сам прапісаў усе гітары, акрамя басу. У якасьці вакальнай партыі насьпяваў словы «на птушынай нямецкай мове», як кажа Ігар . У прыпеве дэма-запісу гучалі словы «Фантасьціш рок-н-рол». Але пасьля задума зьмянілася, песьню было вырашана назваць «Аўтазак». Каб стварыць тэкст на адпаведную тэматыку Ігар зьвярнуўся да Фэлікса Аксёнцава, геніяльнага рок-паэта канца 1980-х-пачатку 1990-х, аўтара першых трох альбомаў гурта «Уліс», які доўгі час ужо жыве ў Канадзе. Фэлікс пагадзіўся вярнуцца ў беларускую рок-прастору і напісаў для «Крамы» тэкст з улікам пажаданьняў Ігара. А слова «Аўтазак», якое мелася быць у прыпеве, прапанаваў замяніць на «Паліцэйскі рок-н-рол» – «бо паліцыя паўсюль аднолькавая».

Прэм'ера на Youtube

«Наша ідэя была ў тым, каб паглядзець на непрыемную тэму з гумарыстычнага боку. Так, як гэта робяць у кіно. Стужка «Вялікі шпацыр» з удзелам Луі дэ Фюнэса, напрыклад, пра падзеі другой сусьветнай вайны. Мы таксама хочам паіранізаваць з тэмы, якая падаецца зусім нясьмешнай», – тлумачыць Ігар.

Гэтай песьняй «Крама» анансуе свой новы альбом, праца над якім пачалася.Жывая прэм’ера «Паліцэйскага рок-н-ролу» пройдзе на бліжэйшым сольным канцэрце 30 красавіка ў менскай кавярні «Сябры». На ім гурт адначыць 25-годзьдзе свайго альбому «Гэй, там, налівай». У суполцы «Тузіна» УКантакце на днях адбылася сеціўная прэзэнтацыя гэтага рэлізу, які выходзіў толькі на касэтах і даўно стаўся рарытэтам.  

«Паліцэйскі рок-н-рол» возьме ўдзел у 1-м туры аўдыёчарту на TuzinFM у сэзоне 2019/2020.

TuzinFM, загалоўнае фота Тацяны Менскай

Крама – Паліцэйскі рок-н-рол (музыка Ігара Варашкевіча, словы Фэлікса Аксёнцава)

 

Мы трымаем варту – мы выконваем загад.

Мы маем працу – мы баронім фатэрлянд.

Будзе чарка, будзе шкварка,

Будзе чорны мэрсэдэс.

Мы крочым шыхтам, пачынаючы працэс:

 

Тварам у брук! 

– Брук!

Алес іст гут!

Гут!

Бо па бруку рушыць

Наш магутны цуг.

 

Мы кахаем

Усё вакол.

Мы сьпяваем

Паліцэйскі рок-н-рол.

 

У цёплым ложку фрау уікэнд за паўцаны.

Мая хата з краю. Абы не было вайны. 

Мой Варстайнэр у лядоўні.

У пашпарце Шэнген.

Кватэра ў цэнтры, кіндэргартен дыўзамен

 

Тварам у брук! 

– Брук!

Алес іст гут!

Гут!

Бо па бруку рушыць

Наш магутны цуг.

 

Паліцмaйстар

Дае дазвол.

Уся краіна будзе танчыць рок-н-рол…

 

Тварам у брук! 

– Брук!

Алес іст гут!

Гут!

Бо па бруку рушыць

Наш магутны цуг.

 

Мы кахаем

Усё вакол.

Мы сьпяваем

Паліцэйскі рок-н-рол