Кіна!OUT: з каго пачалася беларуская электроніка? (аўдыё/відэа)
2729 / 0
18.02.2019

Кіна!OUT: з каго пачалася беларуская электроніка? (аўдыё/відэа)

Распаўсюджаны стэрэатып: гісторыя беларускае электроннае музыкі пачалася адноcна нядаўна — у першыя гады незалежнасьці. У рубрыцы !OUT Віктар Сямашка даводзіць, што яна пачалася куды раней і шчыльна зьвязаная з кіно.

Тэрмін «электронная музыка» мае на ўвазе матэрыял, створаны праз электронныя тэхналёгіі з дапамогай адпаведных інструмэнтаў і прыладаў. Адпаведна яе гісторыя пачынаецца задоўга да таго, як пэрсанальны кампутар трапіў у шырокі ўжытак. За савецкім часам наватарскай электроніцы не было месца ў акадэмічных залях. Таму яе прытулкам, зонай для экспэрымэнтаў стала кінамузыка. Яна не разглядалася асобна ад кінэматографу, як самастойны від мастацтва, а ўспрымалася выключна як выяўленчы ці аздабленчы сродак, і таму была менш падкантрольная Мінкульту ды брала на ўзбраеньне перадавыя тэхналёгіі, якімі забясьпечвалася кінавытворчасьць.

МЕЧЫСЛАЎ ВАЙНБЭРГ

крыніца: belcanto.ru

Умоўным адпраўным пунктам для беларускай электронікі можна лічыць «Последний дюйм». Гэты каляровы фільм быў зьняты ў 1958 годзе паводле апавяданьня брытанца Джэймза Олдрыджа ды з музыкай выпускніка Менскае кансэрваторыі Мечыслава Вайнбэрга.

Галоўныя героі фільму — амэрыканцы: лётчык, які ледзь ня гіне, здымаючы на кінакамэру акулаў па заданьні свайго наймальніка, і малы сын лётчыка, які ратуе свайго тату, сеўшы за штурвал. Электронная музыка Вайнбэрга ў выкананьні квінтэту электрамузычных інструмэнтаў суправаджае акурат эпізод з падводнымі здымкамі.

Дарэчы, блюз Вайнбэрга «Какое мне дело до всех до вас?» з гэтае ж стужкі ўвайшоў у дваровы рэпэртуар савецкіх маладзёнаў. Хаця згодна зь сюжэтам твор выконвае ролю характэрнае для капіталістычнага сьвету песьні, дзе «чалавек чалавеку — воўк».

Увогуле Вайнбэрг адным зь першых савецкіх кампазытараў пачаў ужываць электронныя інструмэнты. Свае пошукі ён працягнуў у наступным фільме 1961 году ўжо пра савецкіх лётчыкаў (фактычна прота-«Солярис») з пракатным імем «Барьер неизвестности».

Для даведкі: нарадзіўся ў Варшаве ў 1919 годзе. Зь дзяцінства граў у тэатры «Скала», агучваў музыку для нямога кіно. З пачаткам Другое сусьветнае вайны, як і многія іншыя музыкі-габрэі, перабраўся ў Беларусь. Сям’я ж загінула ў гета. Кампазыцыю ў Менскай кансэрваторыі яму выкладаў Васіль Залатароў. Вайнбэрг сябраваў зь менскім кампазытарам Львом Абеліёвічам. А Дзьмітры Шастаковіч хадайнічаў аб вызваленьні Мечыслава, калі той праходзіў па так званай «справе ўрачоў-шкоднікаў» у 1953 годзе. Вайнбэрг склаў 7 опэраў і ажно 26 сымфоніяў. Але найбольшую народную вядомасьць атрымаў ягоны саўндтрэк да мультфільму «Винни-Пух».

 ЧЭСЛАЎ НЕМЭН І СТАНІСЛАЎ КРУПОВІЧ

У 1970—1980-х гадах два ўраджэнцы Гарадзеншчыны сталіся піянэрамі польскае электронікі. Перадусім Чэслаў «Немэн» Выдрыцкі. Цягам жыцьця (1939—2004) аўтар прайшоў звышскладаную мутацыю ад вясковага гарманіста й касьцельнага арганіста да эстраднага сьпевака і авангардовае рок-зоркі, а скончыў кар’еру кампутарным графікам ды электроншчыкам.

Чэслаў Немэн з акардэонам у роднай вёсцы Старыя Васілішкі, 1950-я гг.

Плыткі, запісаныя, пачынаючы ад другое паловы 1970-х, таму сьведчаньне — «Katharsis», «Idee Fixe» у дзьвюх частках, «Postscriptum», «Przeprowadzka» з музыкай для дзіцячага кіно, «Terra Deflorata». Былы навучэнец гарадзенскае музвучэльні абстаўляў сябе электрычным піяніна Fender, мінімугамі, хонэр-клявінэтам, мэлятронам, дыгітальнымі сэквэнсарамі й запісваўся на 16-дарожкавы магнітафон мэтадам шматразовага накладаньня.

Чэслаў Немэн на фэстывалі ў Сопаце, 1986 год. Крыніца: Polskie Radio

Чэслаў Немэн не пагаджаўся з абвінавачваньнямі ў тым, што электронныя прылады негуманныя, бо выціскаюць з музыкі чалавека. Цытата з інтэрвію 1975 году, дадзенага ў Бамбэі: «Сіла новых электронных інструмэнтаў у тым, што на іх мажліва ствараць зусім незвычайныя тэмбры, тыя, якіх не існуе ў сымфанічным аркестры. Сынтэзаваны гук складзены з пэўнае колькасьці частак-фарбаў, і я магу вылучыць зь яго тое, што мне патрэбна, а астатняе прыбраць. Лічу гэтую новую тэхніку рэвалюцыйнай». А сваю электронную музыку Чэслаў Немэн называў новым рамантызмам, які няспынна перагукаецца са старым — то бок, з Шапэнам, Чайкоўскім ды Скрабіным.

Станіслаў Круповіч значна маладзейшы за Немэна. Ён нарадзіўся ў Горадні ў 1952 годзе. Характэрны акцэнт адчуваецца дагэтуль. Адукоўваўся ў Варшаве: у ліцэі імя Тадэвуша Рэйтана будучы кампазытар граў у школьным ансамблі, потым атрымаў вышэйшую адукацыю матэматыка. Дыплём жа кампазытара займеў толькі ў 1981 годзе. Мастацтва кампутарнае музыкі разам са скрыпкамі Страдывары Круповіч вывучаў у Стэнфардзкім унівэрсытэце. А пасьля выкладаў кампазыцыю й кампутарную музыку ў Акадэміі музыкі ва Ўроцлаве, там жа пад яго кіраўніцтвам паўстала Студыя кампутарнае кампазыцыі.

фота Kazimierz Ździebło

«Мовы праграмаваньня высокага парадку дазволілі далучыць мікракампутар да супрацы ў генэраваньні нетрывіяльных канфігурацыяў сыгналаў, якія кантралююць MIDI. І паколькі ўсё адбываецца ў рэальным часе, нюансы выкананьня, датычныя вышыні гуку, яго дынамікі, тэмпу твору, можна кантраляваць падчас граньня, ужывую», казаў Станіслаў Круповіч падчас фэстывалю «Варшаўская восень» у 1987 годзе. На ягоных рахунку шматлікія ўзнагароды міжнародных конкурсаў, у тым ліку зь NEWCOMP, што ладзіўся ў Бостане (1985), і Irino ў Токіё (1987). На другім конкурсе аўтар прэзэнтаваў «Разьвітальныя варыяцыі на тэму Моцарта». Пазьней да кампазыцыі дадаўся відэашэраг Курта Комэла з Чарнобыльскім рэактарам ды іншымі атрыбутамі цывілізацыі.

ЯЎГЕН ГЛЕБАЎ І ЎЛАДЗІМЕР КАНДРУСЕВІЧ

Музыка Яўгена Глебава да карціны «Дзікае паляваньне караля Стаха» (1979) — адзін з выдатных узораў беларускае электронікі ў кіно. На запіс у Маскву Глебаў выправіўся разам са сваім вучнем Уладзімерам Кандрусевічам, яшчэ нядаўна героем рок-андэграўнду. На студыі фірмы «Мелодия» Ўладзімер упершыню сутыкнуўся з Synthi-100 (на загалоўным фота) — грувасткім аналягавым сынтэзатарам зь Вялікабрытаніі, які існаваў толькі ў 30—40 экзэмплярах.

Яўген Глебаў з вучнямі, 1980-я. За раялем — Уладзімер Кандрусевіч. Крыніца: sb.by

Synthi-100 апынуўся ў СССР дзякуючы пасярэдніцтву згаданага Шастаковіча. Маскоўскі экзэмпляр быў аднагалосы й ня меў лічбавага сэквэнсара, то бок, памяці. Хаця канструкцыя яго прадугледжвала. Кандрусевічу давялося разьбірацца на хаду й адаптаваць акордавыя камбінацыі Глебава пад магчымасьці машыны. Дарэчы, у тым жа 1979 годзе кампазытар Эдуард Арцем’еў стварыў на Synthi-100 музыку да «Сталкера».

СЯРГЕЙ КАРТЭС І ВАСІЛЬ РАІНЧЫК

Яшчэ адзін вучань Глебава Васіль Раінчык разам зь ВІА «Верасы» электронна аздобіў дзіцячую кінастужку «Полёт в страну чудовищ» (1986).

Яўген Глебаў на рэпэтыцыі «Верасоў», 1970-я. За раялем — Васіль Раінчык. Крыніца: Sputnik Беларусь

Прытым, аўтарам музыкі выступіў кампазытар Сяргей Картэс, а тэксты да песень склаў Уладзімер Някляеў. Галоўныя героі Арбузік ды Бябешка змагаюцца з істотамі, што зьнешне нагадваюць сучасных «тэатралаў-АМАПаўцаў».

Пасьпяховыя практыкаваньні Раінчыка з электронікай можна паслухаць і на падвойным альбоме «Верасоў» «Музыка для всех» таго ж году выданьня.

Падрабязьней у падкасьце аўтара

Яшчэ:

Кіна!OUT: Беларускі джаз часоў «адлігі» (рарытэтны фільм!)

Кіна!OUT: Фільм «Песьняры» — між перамогай і забаронай (рарытэтнае відэа!)

Віктар Сямашка, TuzinFM