Пінхас Цынман: «Самабытнасьць нацыі захоўвае мова»
2930 / 3
09.11.2016

Пінхас Цынман: «Самабытнасьць нацыі захоўвае мова»

З вынікам у 561 голас Пінхас Цынман зь песьняй «Дзякуй Б-гу» стаў пераможцам у другім туры аўдыёчарту на Tuzin.fm. Музыка зь Пінску распавёў пра сваё стаўленьне да рэйтынгаў, супернікаў і паразважаў пра габрэйскую і беларускую самабытнасьць.

Хачу пачаць з таго, што перамагаць заўсёды прыемна. А ў дадзеным выпадку гэта супольная перамога ўсіх, хто за мяне галасаваў. Ня буду хлусіць — я прыцягнуў шмат сваіх сяброў ды знаёмых. Сярод іх былі і тыя, каму здаўна падабаецца мая творчасьць, і тыя, хто пазнаёміўся зь ёй упершыню. Часьцяком яны ж выказваліся і наконт песень маіх сапернікаў. І даволі часта — даволі прыязна.

Канечне я сам галасаваў і слухаў песьні з чарту. Мне было цікава пазнаёміцца з творчасьцю розных беларускіх выканаўцаў. Шмат пра каго я чуў і раней, пра некаторых даведаўся толькі дзякуючы «Тузіну». Так сталася, што за першае месца мы змагаліся з гуртом «Голая Манашка», назва якога мне знаёмая здаўна. Фёдар Жывалеўскі быў сур’ёзным кандыдатам на перамогу ў гэтым туры. Да таго ж, ён перамог у папярэднім. Мне было цікава дазнацца пра ягоную творчую асобу і музычныя амбіцыі. Шмат у чым я зь ім згодны. Ня важна, які стыль ты абраў. Важна, каб твор меў сэнс, тое, што ты хочаш перадаць, распавесьці людзям. Рэйтынгі тут не заўсёды дадуць аб’ектыўную адзнаку. Але я лічу, што галоўнае — гэта імкнуцца заявіць пра сябе. Бяз гэтага складана займець сваю аўдыторыю. Мне здаецца, што ў гэтым чарце ішла барацьба нашых прыхільнікаў ды знаёмых. А пераможцу вызначыў час заканчэньня галасаваньня.

У апошніх клясах школы я сур’ёзна зацікавіўся беларускамоўнай музыкай. Слухаў N.R.M., памятаю набыў дыск «Народнага Альбому», што стаўся адным зь першых дыскаў маёй беларускай калекцыі. Я нарадзіўся і вырас у Менску. Зь дзяцінства засвоіў важную рэч. Абапіраючыся на гісторыю габрэйскага народу можна зрабіць выснову, што самабытнасьць нацыі захоўвае яе мова. Я беларускі габрэй, і шчыра кажучы, вельмі рады таму, што нарадзіўся ў Беларусі. Можа гэта і падштурхнула мяне да беларускай мовы. Падзякаваць хачу сваёй школьнай настаўніцы беларускай мовы, Алене Аляксандраўне Восіпавай.

Цяпер я са сваёй творчай камандай, у складзе Аляксандра Хаўкіна, Сяргея Канановіча і майго добрага сябры і дарадцы, асабліва ў галіне беларускай мовы, Аляксандра Памідорава, рыхтуем да выданьня мой першы альбом. Назву пакуль трымаю пад таямніцай.

Вельмі хацеў як мага часьцей удзельнічаць у розных фестывалях, як на Беларусі, гэтак і ў іншых краінах. Спадзяюся, дзякуючы tuzin.fm у мяне цяпер зьявіцца больш магчымасьцяў, каб дамагчыся сваіх мэтаў. У мяне ёсьць натуральнае жаданьне, як і ва ўсіх творчых асобаў, дзяліцца творчасьцю зь людзьмі, каб цябе пачулі. Акрамя ўсяго, мая творчасьць нясе асобнае пасланьне — усьведамленьне свайго месца ў гэтым сьвеце, ды асобная падзяку Б-гу за тыя даброты, што ён нам шчыра дае.

Асобныя падзякі ўсім сябрам і прыхільнікам зь Пінску, Менску, Ізраілю, а таксама дзякуй маім украінскім сябрам. Дзякуй Б-гу і вам!

Пінхас Цынман, для Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Denis Alexeev
    Denis Alexeev / адказаць
    09.11.2016 / 18:11

    Байка пра сяброў - гэта злізана з каментараў Фёдара на ягонай старонцы. Вось што пішуць тыя, хто назіраў за працэсам: "Да справедливости ради. Дело в том, что голосование закончено досрочно по непонятным причинам (такого вроде как не случалось), второй момент - как только ГМ выходила вперед, хоть на 1-2, хоть на 5 голосов, хоть даже на 10-12, Дзякуй Б-гу сразу же снова набирало обороты.
    Очень похоже на накрутку
    Сервисов хватает и стоимость накрутить - копейки, от 3 рос.рублей (сервисы в основном российские)
    Дело же не в том, что песня Дзякуй Б-гу или исполнитель хуже или лучше (мне, кстати, тоже понравилась песня), а просто в справедливости, почему по-честному не дали выйти вперед."
    Вас ўсё уладкоўвае і вы ведаеце пра час галасавання які быў скончаны раней. Таму не падмазвайцеся да прыхільнікаў альтэрнатывы хітрасцямі. Гэта можа сыграць не на вашую карысць.

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    09.11.2016 / 20:41

    Усе накруткі добра бачныя і яны маніторацца. За Пінхаса, як і за "Голую манашку", галасавалі рэальныя людзі. Ці купілі іх галасы нам невядома.

    Што да галасаваньня, то яно запускаецца ўручную, а спыняецца аўтаматычна. Час яго сканчэньня можа не супадаць з рэальным беларускім часам, гэтыя налады залежаць не ад нас.

  • Pinchas Tsinman
    Pinchas Tsinman / адказаць
    09.11.2016 / 23:51

    Я магу даць слова, што нiчога не купляу. Тая ж самая карцiна бачылася мне калi мая песня выходзiла наперад адразу ГМ набiрала галасы. У галасаваннi прымалi удзел шмат маiх сяброу. Яны у сваю чаргу прасiлi прагаласаваць сваiх. Дапамагау мой брат якi такчама прасiу шмат сваiх сяброу. На самой справе я лiчу што па якасцi былi i лепш за мяне але ж кожны меу права папрасiць сяброу прагаласаваць.

  • КАМЕНТАВАЦЬ