Праграма Belsat Music Live адзначаная на ADAMI Media Prize
2738 / 0
29.11.2018

Праграма Belsat Music Live адзначаная на ADAMI Media Prize

Аўтарская праграма кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна, якая выходзіць на тэлеканале «Белсат», атрымала асаблівую згадку журы на цырымоніі ўручэньня мэдыяпрэміі ў Кішынёве.

ADAMI Media Prizeгэта конкурс сярод прафэсіяналаў у галіне мэдыя, у якім удзельнічаюць краіны Ўсходняга партнэрства. Сёлета ён праводзіўся ў трэці раз. Гала-цырымонія 29 лістапада прайшла ў Арганнай залі Кішынёва, адной зь цікавостак малдаўскай сталіцы.

Сёлета на ўзнагароды конкурсу прэтэндавалі больш за 300 мэдыя-прадуктаў. Зь іх міжнароднае журы абрала 16 найлепшых. У іх ліку праграма Belsat Music Live (аўтар Сяргей Будкін, рэжысэр Арцём Лобач, апэратар Аляксандар Алейнікаў, вядоўца Міра Шульц, стылістка Наста Шастак, гукарэжысэр Андрэй Акатаў, прадусар Яўген Шапчыц). Яна атрымала высокую ацэнку журы і была адзначаная спэцыяльнай згадкай у катэгорыі культурна-забаўляльных праграмаў. Усе вынікі прэміі можна паглядзець на афіцыйным сайце цырымоніі.

«Мы радыя, што нашу працу ацанілі па-за межамі краіны. Такая ўзнагарода матывуе нас на тое, каб вышэй уздымаць плянку якасьці, бо няма мяжы для самаўдасканаленьня», — сказаў Сяргей Будкін з нагоды адзначэньня на ADAMI Media Prize.

Belsat Music Live выходзіць штотыдня ад пачатку 2017 году. У студыі праграмы граюць жывыя сэты найбольш цікавыя беларускія выканаўцы розных стыляў — ад опэры да рэп-музыкі, часам завітваюць замежныя госьці. На гэтым тыдні пабачыць сьвет 74-е выданьне. Паглядзець праграму можна на тэлеканале «Белсат», а таксама на youtube-канале «Белсат Музыка». Цікавосткі, бэкстэйдж, відэа і аўдыё можна знайсьці ў афіцыйных суполках Укантакце/Facebook/Instagram.

TuzinFM