Белая вада
5607 / 1
26.02.2016

Маяк, на які можна арыентавацца (відэа)

Гурт «Крама» прэзэнтуе на Tuzin.fm кліп на песьню «Белая вада». Сам трэк запісаны на канцэрце, а матэрыял для відэа зьбіраўся цягам году.

Ідэя кліпу належыць рэжысэрцы Стэфаніі Ціхінскай. Яна здымала з сваёй апэратарскай групай адзін з канцэртаў «Крамы» і музыкі прапанавалі разам з тым падумаць пра відэаролік. Менавіта на «Белую ваду». І менавіта на канцэртную вэрсію.

Першапачаткова кліп меркавалася зьняць у Вязынцы і на Дуброўскім вадасховішчы, але праз татальную занятасьць актораў, давялося шукаць месца пабліжэй. Рэжысэрка проста хадзіла па Менску ды вырашала, дзе можна было зьняць матэрыял. Здымкі з удзелам актораў прайшлі ў некалькі дзён на Камсамольскім возеры, у Севастопальскім парку, Парку Чалюскінцаў, а таксама на Менскім моры. А вось пэйзажныя здымкі зьбіраліся каля году. Таксама былі зробленыя здымкі з паветра. Марскія пэйзажы былі зьнятыя ў Крыме.

«Тут у кожным кадры закладзены свой сымбалічны знак, — распавяла Tuzin.fm пра сваю працу Стэфанія. — Напрыклад, маяк — для мяне гурт „Крама“ і ёсьць маяк, на які можна арыентавацца. Дуб таксама выклікае асацыяцыю з музыкамі — бо гэтае дрэва трывалае і моцнае, якое жыве стагодзьдзямі. Мора і вада — гэта інфармацыя ды стыхія, якую немагчыма падначаліць. Дарога — гэта наш шлях па жыцьці. А пустая, таму што ён чысты, і кожны яго запаўняе асабіста. Што азначае вецер ды сонца дадумайце ўжо самі. Ну і хлопцы і дзяўчаты ў кадры пры канцы сьведчаць пра тое, што мужчынскае ня можа існаваць без жаночага. Толькі ўдвох можна вытрымаць перамены. Паненкі стаяць за мужчынскімі сьпінамі таксама зусім невыпадкова».

Уласна «Краме» кліп прыйшоўся даспадобы. «Мы рады, што наша мара пабачыць відэа на гэтую песьню ўвасобілася, — кажа гітарыст гурта Сяргей Трухановіч. — Атрымалася гэта тады, калі супалі жаданьні, магчымасьці і падтрымка сяброў». Непасрэдна музыкі ў здымках сюжэтнай часткі ўдзелу ня бралі. Здымаліся акторы Ігар Сігаў, Наста Баброва, Валерыя Сідорка, Аляксандар Яфрэмаў, Натальля Бараноўская, Максім Грыневіч, Вера Дардзюк, Яўген Казакевіч, Раберт Сенека. Над кліпам акрамя Стэфаніі Ціхінскай працавалі асыстэнты Аляксандар Пыка, Ганна Дзевіч і Вераніка Татарыновіч. З графікай дапамог Максім Грыневіч. «Крама» дзякуе таксама Вячаславу Бруйку і Максу Паравозу.

Крама — Белая вада (рэжысэр Стэфанія Ціхінская). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Sergey Kostritsky
    Sergey Kostritsky / адказаць
    10.11.2016 / 23:21

    уважаю Краму - но это не клип. Крама супер но набор видео не может быть клипом.

  • КАМЕНТАВАЦЬ