Шэрая кроў
7190 / 0
06.10.2014

Лявон Вольскі. Эпоха вечнай вайны (відэа)

У відэачарце на Tuzin.fm кліп на песьню «Шэрая кроў» з альбому Лявона Вольскага «Грамадазнаўства». Цікава, што гэта другая вэрсія кліпу на адну і тую ж песьню.

Як распавядае Лявон, першапачаткова была задума зьняць на «Шэрую кроў» пазытыўны ролік — «ад адваротнага». «Мы зьнялі ў студыі, з усімі неабходнымі рэчамі — рассоўнымі сьценамі, грымэрамі, валянтэрамі. З гэпі-эндам і радаснай масоўкай. З кактусам, закаханымі парамі і мной у ролі мастака. Мы доўга разважалі, паказвалі гэтую працу сябрам, абмяркоўвалі» — распавядае Вольскі. Але рэліз гэтага кліпу не адбыўся, вырашана было здымаць яшчэ адзін — кардынальна адрозны ад папярэдняга.

«Другі кліп здымаўся ў дзіўным мейсцы — недалёк ад забудаванага каляровымі панэлькамі Паўднёвага Захаду. На вуліцы Соф’і Кавалеўскай. У недаробленым велізарным будынку нейкага паркінгу. Без грымэраў і ўсялякіх прыбамбасаў. Па гэтай недабудаванай гаргарыне лазілі дзеці розных узростаў і ўсяляк спрабавалі ўлезьці ў здымачны працэс. Было зразумела, што для гэтае моладзі наведваньне мясцовага недабуду — такая ж форма адпачынку, як для іншых паход на дыскатэку ці кавярню. Вось там, у гэтым рэдкім для нашае сталіцы месцы, і прайшлі здымкі ўсіх сцэнаў з кактэйлем Молатава і маімі сынхронамі», — кажа выканаўца. Здымачным працэсам кіраваў малады рэжысэр Сяргей Аўсяньнік і прадакшн-студыя SinemaPride. З нагоды прэзэнтацыі роліку на Tut.by, Лявон зазначыў, што «нам з вамі давялося жыць у эпоху вечнай вайны». Ролік якраз і перадае такі настрой: «Вайна нас падпільноўвае паўсюль — з экрану тэлевізара, на бясконцых прасторах інтэрнэту, з размоваў на вуліцах, у крамах і ў транспарце. Дзіўна тое, што мы прызвычаіліся да гэтага вечнага ваеннага фону. Чаму нас любая спрэчная сытуацыя дзеліць на нейкія лягеры, якія абсалютна не прымаюць меркаваньне апанэнта? Чаму мы гатовыя без дай прычыны хапацца за кактэйль Молатава, каб зьнішчыць уяўнага ворага?»

Вольскі пры гэтым выглядае на аптыміста і абяцае, што гледачы пабачаць першую вэрсію кліпу. Калі-небудзь потым.

Лявон Вольскі — Шэрая кроў (рэжысэр Сяргей Аўсяньнік). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm