2042 / 0
15.05.2014

Менгарвыканкам з другога разу даў дазвол на канцэрт праекту «Re:Песьняры»

У вялікім канцэрце з нагоды прэзэнтацыі праекту заяўленыя Akute, Naka, Pomidor/off, Зьміцер Вайцюшкевіч ды іншыя беларускія артысты.

Заява на гастрольнае пасьведчаньне з нагоды канцэрту «Re:Песьняры» была пададзена ў Менгарвыканкам у красавіку. У вусных размовах ідэолягі спрабавалі паўплываць на арганізатараў, каб тыя перападалі заяву, выкрэсьліўшы зь яе аднаго з удзельнікаў канцэрту — Зьмітра Вайцюшкевіча. Парада гэтая да ведама прынята не была, і калі прыйшоў час адказваць, начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы Менгарвыканкаму Сяргей Хільман не падпісаў гастрольнае пасьведчаньне, а папрасіў прадаставіць дадаткова праграму мерапрыемства з указаньнем назваў музычных твораў, якія будуць выконвацца.

Пасьля выкананьня гэтай просьбы гастрольнае пасьведчаньне пад нумарам 564 усё ж было выдадзена. Канцэрт «Re:Песьняры» мяркуецца правесьці ў клюбе Re:Public 12 верасьня. Квіткі на яго пачнуць прадавацца ўжо з чэрвеня.

Да ідэі праекту «Re:Песьняры» станоўча паставіўся міністар культуры Барыс Сьвятлоў, ініцыятыву падтрымаў таксама беларускі дзяржаўны ансамбаль «Песьняры». Мяркуецца, што песьні ўдзельнікаў праекту перад іх выданьнем паслухае кампазытар Ігар Лучанок.

Tuzin.fm