На новым беларускім оўпэн-эйры «Дружба» выступяць беларусы, расейцы ды ўкраінцы
2328 / 0
16.04.2014

На новым беларускім оўпэн-эйры «Дружба» выступяць беларусы, расейцы ды ўкраінцы

Арганізатары новага беларускага фэстывалю «Дружба» абвесьцілі склад удзельнікаў.

Фэст «Дружба» мае быць міжнародным і пройдзе ў два дні — 1 і 2 жніўня на хутары Шаблі, звыклым ужо месцы для беларускіх оўпэн-эйраў. Ужо заяўленыя ўдзельнікі — беларускія гурты Akute, B:N:, Sounduk, Navi, «Серебряная свадьба», «Петля пристрастия», «Без билета», «Кассиопея», Botanic Project выйдуць на адну сцэну разам з расейскімі Animal Джаз, «Ногу свело», Дэльфінам, а таксама з гуртом Сяргея Бабкіна (Украіна).

Ладзяць фэст прамоўтэры Антон Сасноўскі і Віталь Супрановіч сумесна з агенцтвам JetSound, якое ладзіла ў Менску канцэрт найлепшага сусьветнага ды-джэя Арміна Ван Бюрэна, а таксама такія фэсты, як Mayday і «Космос наш!».

«Лайн-ап сфармаваны недзе на 80%, некалькі ўдзельнікаў фэсту яшчэ дададуцца. Хутчэй за ўсё яны будуць з Расеі ды Ўкраіны, існуе верагоднасьць таксама, што выступіць нехта з далёкага замежжа. Паведамім канчатковы склад да 1 чэрвеня», — сказаў Tuzin.fm суарганізатар «Дружбы» Антон Сасноўскі.

Квіткі на фэст зьявяцца ў продажы пры канцы красавіка. Меркаваны кошт першых квіткоў будзе 450 000 руб.

Tuzin.fm