Рома Зьвер: «Беларусам трэба ствараць свой рынак»
1760 / 0
08.04.2014

Рома Зьвер: «Беларусам трэба ствараць свой рынак»

Лідэр расейскага гурта «Звери» Раман Білык падчас прыезду ў Менск згадаў добрым словам забаронены на Радзіме «Ляпіс Трубяцкі» ды выказаўся наконт сытуацыі ў беларускай музыцы.

Стваральнік і саліст адной з самых папулярных груп Расеі Рома «Зьвер» Білык вылучае для сябе зь беларусаў найперш гурт «Ляпіс Трубяцкі», называе іх надзвычайнымі талентамі. А што да агульных назіраньняў за нашай музыкай, то тут Рома пагаджаецца з думкаю, што ўплыў расейскага шоў-бізнэсу на Беларусь вельмі істотны, таму нашы выканаўцы становяцца сапраўды запатрабаванымі на Радзіме, калі ўжо здабылі вядомасьць у той жа Расеі. «Гэтак адбываецца мусіць праз наша шчыльнае суседзтва. А так, канечне, трэба ствараць свой рынак. Гэта для любой краіны важна, бо дзякуючы гэтаму можна захаваць сваю музычную культуру. А на сёньня зь беларусаў адзначу хіба што толькі „Ляпісаў“, бо гэта група рэальна папулярная цяпер», — сказаў Рома ў камэнтары Tuzin.fm.

Група «Звери» выступала ў Менску 7 сакавіка, сабраўшы аншляг у Палацы спорту. Рома застаўся беларускай публікай вельмі задаволены.

Мікола Заяц, Tuzin.fm, фота з часопісу OK!