Гурт «Верасень» вярнуўся, каб граць у стымпанк па-беларуску (відэа)
2074 / 0
27.07.2016

Гурт «Верасень» вярнуўся, каб граць у стымпанк па-беларуску (відэа)

Празь перапынак у год сьпявачка Вольга Акуліч вырашыла аднавіць дзейнасьць свайго гурта.

За гэты год Вольга запісала сольны альбом свайго сольнага праекту #Volha, стала ляўрэаткай буйнога польскага фэсту «OPPA» ды паэкспэрымэнтавала ў жывых і студыйных умовах з такімі музыкамі, як Дзяніс Балахонаў, Юры Несьцярэнка, Андрэй Вайцэхоўскі і Алег Змушка. Роўна праз год пасьля спыненьня дзейнасьці свайго гурта «Верасень» сьпявачка абвясьціла пра яго вяртаньне на сцэну. «Мы зноў вырашылі выступаць разам і не выдумляць новай назвы. Па-ранейшаму мова нашых сьпеваў беларуская і мы працягваем прытрымлівацца стымпанк-стылыстыкі* ў сваіх выступах», — сказала Вольга ў камэнтары для Tuzin.fm.

Цяпер гурт «Верасень» зьбіраецца на «Медныя крылы» — першы міжнародны фэст стымпанку, готыкі, тэхнафэнтазі і боха-культуры, які пройдзе ў горадзе Рошаль Маскоўскай вобласьці 5—7 жніўня. Хэдлайнэрам будзе культавы амэрыканскі стымпанк-гурт «Abney Park». Адноўлены «Верасень» таксама можна пачуць на канцэртах у Менску — 28 ліпеня ў бары «Bristle», 30 ліпеня — у Карэтным дворыку ў Верхнім горадзе. Падрабязнасьці пра найбліжэйшыя выступы ды іншыя навіны гурта — у афіцыйнай суполцы

*Дакладнага вызначэньня «стымпанку» як музычнага жанру не існуе. Розныя калектывы выкарыстоўваюць візуальныя элемэнты гэтага стылю ў сваіх сцэнічных вобразах, але ж музычнае ўвасабленьне «стымпанку» вельмі шырокае — ад нэаклясыкі і фольку да цяжкіх стыляў. У 2015 годзе «Верасень» прадставіў кліп на песьню «Халодны блюз», які музыкі называюць першым беларускім відэа ў такой стылістыцы.

Tuzin.fm