Зінаіда Бандарэнка пра Валерыя Кучынскага: «Гэта быў прафэсіянал зь вялікай літары» (відэа)
1804 / 0
18.06.2016

Зінаіда Бандарэнка пра Валерыя Кучынскага: «Гэта быў прафэсіянал зь вялікай літары» (відэа)

16 чэрвеня пахавалі заслужанага артыста Беларусі Валерыя Кучынскага.

Сьпявак пайшоў з жыцьця 14 чэрвеня ў Менску на 69-м годзе жыцьця. «Ён меў унікальны голас, якіх мала на беларускай сцэне. Выдатна трымаўся на сцэне. У ягоным рэпэртуары былі як папулярныя песьні нашых аўтараў, так і клясычныя опэрныя арыі. І за што бы ён ні браўся — усё ў яго выходзіла шчыра і натуральна, ніколі не перабольшваў. Менавіта гэтым і падкупаў публіку. Ён быў прафэсіяналам зь вялікай літары і цудоўным чалавекам», — зазначыла ў камэнтары для Tuzin.fm народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, якая неаднойчы вяла яго канцэрты.

Папулярнасьць Валерыя Кучынскага прыпала на 70-я гады. Ён пасьпяхова сумяшчаў працу як на опэрнай, так і на эстраднай сцэне. Быў салістам беларускай Опэры (1971—1979). У 1970 годзе быў названы ў ліку ляўрэатаў прэстыжнага міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага. Атрымаў званьне заслужанага артыста БССР (1974), актыўна гастраляваў і карыстаўся любоўю ў публікі ў іншых краінах. Больш за 20 гадоў быў салістам аркестру Дзяржтэлерадыё Беларусі. Са сцэны выканаўца вымушаны быў сысьці праз праблемы са здароўем у 2001 годзе, выкладаў у Акадэміі музыкі. У 2007 годзе з нагоды 60-годзьдзя вярнуўся дзеля канцэрту-бэнэфісу ў філярмоніі.

Tuzin.fm выказвае спачуваньні блізкім і родным выдатнага сьпевака.

На відэа: Валерый Кучынскі выконвае песьню «Ты мне вясною прысьнілася» (музыка Ю. Семянякі, словы М. Шушкевіча) на канцэрце з нагоды 50-годзьдзя і 30-годзьдзя творчай дзейнасьці. Запіс зроблены ў 1997 годзе.

Tuzin.fm, фота – «Вечерний Минск»

за тры месяцы
за тры месяцы