IQ48 запісалі альбом «Бруд» (+відэа новай песьні)
3024 / 0
18.04.2016

IQ48 запісалі альбом «Бруд» (+відэа новай песьні)

Гэта будзе чацьверты студыйны поўнафарматнік, які выйдзе праз паўзу ў пяць гадоў.

Як паведаміў парталу Tuzin.fm вакаліст IQ48 Аляксандар Ракавец, усе песьні для альбому ўжо запісаныя. Цяпер справа за зьвядзеньнем матэрыялу. Рэліз мяркуецца выдаць увосень 2016 году. «Шмат хто напэўна скажа, што ён падобны на папярэдні, бо зноў без саксафону запісаны. Можа камусьці падацца больш жорсткім, а камусьці — алдовым. Тыя, хто нас ведае — тыя зразумеюць», — кажа Аляксандар. Такія песьні, як «Бруд», «Выбар», «Трымай свой час», «Вова» гурт ужо выконвае жыўцом на сваіх канцэртах.

Праца над дыскам расьцягнулася амаль на пяць гадоў — папярэдні альбом гурта «HMR» быў выдадзены ў 2011-м. Пасьля яго быў прэзэнтаваны яшчэ падвойны самотнік «Зброя» (2013). «Нічога асаблівага з намі ў гэты час ня дзеелася: граем, рэпэтуем, запісваемся. Усё ў нас нармальна, на месцы не стаім. Вось далі першы канцэрт пасьля вяртаньня Антохі з Амэрыкі», — распавядае вакаліст каманды. Антоха — бубнач Антон Мацулевіч, ён жа Tony Fadd у сваю чаргу зазначае, што ягоная сольная кар’ера аніяк не перашкаджае працы ў IQ48. «У любым разе 24 гадзіны на суткі за стварэньнем бітоў не ўсядзіш, хочацца разнастайнасьці. Граць у гурце мне па кайфу і я нічога не зьбіраюся зьмяняць», — кажа Антон.

На канале гурту на youtube можна паглядзець некалькі ролікаў, якія распавядаюць пра працэс запісу альбому, які мае працоўную назву «Бруд», а таксама пачуць студыйную вэрсію песьні «Выбар», якая абяцае стаць новым гітом «здаровых ласей».

Tuzin.fm

Тэгi: