«Вы глыток сьвежага паветра тут». Альбом Irdorath выйдзе ў Цэнтральнай Эўропе (аўдыё)
2210 / 0
29.03.2016

«Вы глыток сьвежага паветра тут». Альбом Irdorath выйдзе ў Цэнтральнай Эўропе (аўдыё)

Беларускі гурт падпісаў кантракт зь нямецкім лэйблам «Screaming Banshee Records» на выданьне свайго дыску ў Нямеччыне, Аўстрыі і Швайцарыі.

Заходніх прадусараў зацікавіла творчасьць гурту Irdorath і ў прыватнасьці іх апошні альбом «Dreamcatcher». Нямецкі лэйбл «Screaming Banshee Records», які працаваў з шэрагам вядомых фольк і дарк-вэйв гуртоў Эўропы, падпісаў кантракт з Irdorath. «Вы за пяць гадоў зрабілі прадукт такой якасьці, да якой вядомыя эўрапейскія гурты гэтага кірунку ідуць дзесяцігодзьдзямі. І вы — глыток сьвежага паветра тут. Рады вітаць вас у сям’і», — гэтак мэнэджары лэйблу прывіталі беларусаў.

«Мы пакуль ня можам паведамляць які наклад дыску будзе выдадзены, але вядома, што афіцыйнай дыстрыбуцыяй у Нямеччыне, Аўстрыі і Швайцарыі будзе займацца кампанія „Alive“. Адбылося тое, пра што мы марылі, і гэтая акалічнасьць дае нам новыя сілы і новыя магчымасьці для творчасьці», — сказала ў камэнтары для Tuzin.fm вакалістка каманды Надзея Ірдарат. Яна паведаміла, што «Dreamcatcher» на нямецкім лэйбле выйдзе ў траўні на CD і ў лічбавым фармаце. У падтрымку рэлізу гурт сыграе на культавым готык-фэсьце Wave Gothic Treffen, які пройдзе 13—16 траўня у Ляйпцыгу, а таксама прэзэнтуе зусім новы кліп і самотнік. Вядуцца перамовы адносна сольных канцэртаў.

Таксама трэк «As Bas», кліп на які прымаў удзел у відэачарце на Tuzin.fm, увайшоў у складанку найлепшых песень фолькавых, фольк-мэтал і сярэднявечных камандаў Эўропы «Miroque Viking».

Падрабязьней пра навіны гурту можна дазацца ў афіцыйнай суполцы.

Яшчэ: Irdorath. Калі мары зьдзяйсьняюцца

Tuzin.fm

Тэгi: