Забаронены выступ Лявона Вольскага на фэсьце «Насустрач вясьне»
1896 / 0
04.03.2016

Забаронены выступ Лявона Вольскага на фэсьце «Насустрач вясьне»

Канцэрт меркавалася правесьці на хутары Арлоўшчына на Масьленіцу.

Вольскі меўся сыграць праграму з сваіх найлепшых песень на вялікім двухдзённым фэстывалі, які ладзіць загарадны клюб «Фэстывальны» ў Валожынскім раёне. Меркавалася зладзіць аўтобусны тур зь Менску адмыслова дзеля гэтай падзеі. «На жаль, выступ Вольскага не адбудзецца па тэхнічных прычынах, якія не залежаць ад арганізатараў», — сказалі ў адміністрацыі загараднага клюбу.

«Арганізатары да апошняга спадзяваліся, што ў іх атрымаецца правесьці гэты выступ, але сёньня паведамілі, што вымушаныя яго адмяніць», — распавёў Tuzin.fm Лявон Вольскі. На сваёй старонцы ў Facebook музыка зазначыў з нагоды забароны выступу, што «пільныя музыказнаўцы ў цывільным маюць сваё ўяўленьне пра розныя „дэмакратызацыі“, „лібэралізацыі“ і „тварам да Яўропы“».

Сам фэст «Насустрач вясьне» не адменены. Ён пройдзе 12 і 13 сакавіка ў Валожынскім раёне.

Tuzin.fm