У даведніку, выдадзеным для ідэолягаў, ухваляюцца Вольскі, Міхалок і Вайцюшкевіч
1885 / 0
10.02.2016

У даведніку, выдадзеным для ідэолягаў, ухваляюцца Вольскі, Міхалок і Вайцюшкевіч

Стваральнікі дапаможніка «Беларуская музыка ў праграмах дыскатэк і клюбных вечароў» узялі за аснову апытаньне «100 найвялікшых беларускіх песень», якое правёў Tuzin.fm.

72-старонкавае выданьне «Беларуская музыка ў праграмах дыскатэк і клюбных вечароў» падрыхтавала да друку дзяржаўная ўстанова «Менскі абласны цэнтар народнай творчасьці». Яно складаецца з двух разьдзелаў — у першай частцы падаюцца біяграфічныя зьвесткі пра найбольш актуальных беларускіх выканаўцаў па стылях (поп, рок, рэп), а другі разьдзел цалкам прысьвечаны рэйтынгу «100 найвялікшых беларускіх песень», які партал Tuzin.fm склаў на падставе апытаньня 93 экспэртаў. Сьпіс ня быў адцэнзураваны, нягледзячы на наяўнасьць у ім такіх песень, як «Сьцяг» Вайцюшкевіча, гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Магутны Божа» на словы Натальлі Арсеньневай, «Гэта мы» Андрэя Мельнікава, «Партызанская» N.R.M., «Воины света» Сяргея Міхалка ды іншых твораў, якія, мякка кажучы, непрымальныя для дзяржаўнай ідэалёгіі.

Выхад выданьня ўхваліў Народны артыст СССР і Беларусі Ігар Лучанок. «Мы хацелі данесьці да работнікаў культуры ды ідэолягаў, што існуе сучасная песенная культура, якая захоўваецца ў памяці людзей, гэтыя песьні любяць і слухаюць, як бы таму ні пярэчылі. І з гэтым фактам трэба лічыцца», — заявіў у камэнтары для Tuzin.fm укладальнік дапаможніка Юры Цыбін.

Зборнік выйшаў накладам у 200 асобнікаў выключна для распаўсюду па дзяржаўных установах культуры. Надалей яго ўкладальнікі зьбіраюцца пашырыць дапаможнік і выдаць яго для масавага чытача.

Tuzin.fm