Ляпіс — Трубяцкой ці Трубяцкі? (камэнтар мовазнаўцы)
2909 / 0
19.11.2013

Ляпіс — Трубяцкой ці Трубяцкі? (камэнтар мовазнаўцы)

Гурт на чале зь Сяргеем Міхалком у час прома-кампаніі свайго беларускамоўнага альбому «Грай» вырашыў пісацца па-беларуску як «Ляпіс Трубяцкі».

Дагэтуль назва гурта ў афіцыйных беларускамоўных прэс-рэлізах ды прэзэнтацыях беларускамоўных песень, у тым ліку і на «Тузіне Гітоў», пісалася як «Ляпіс Трубяцкой». Але цяпер напісаньне вырашана было зьмяніць — на ўсёй прадукцыі, зьвязанай зь беларускамоўным альбомам, напісана «Ляпіс Трубяцкі». Прэс-аташэ гурта па Беларусі Зьміцер Безкаравайны ўдакладніў, што гэта і ёсьць афіцыйна прынятая на сёньня назва гурта ў беларускім варыянце.

Tuzin.fm папрасіў пракамэнтаваць новае напісаньне гурта мовазнаўцу Зьмітра Саўку, суаўтара кнігі «Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў»:

-          Гэта ня моўная праблема, а гістарычна-культурніцкая. З аднаго боку, Трубяцкія — прозьвішча расейскага баярскага роду, таму тут трэба захаваць канчатак -ой, як гэта робіцца ў дачыненьні аднатыпных прозьвішчаў, напрыклад, Талстой. Аднак Трубяцкія выводзяцца з Гедзімінавічаў, таму іх можна разглядаць як фэномэн і беларускай гісторыі ды культуры. Такім чынам, ёсьць падстава падаваць гэтае прозьвішча ў форме, уласьцівай беларускім прыметнікавым прозьвішчам, — Трубяцкі. Канчатковае разьвязаньне залежыць ад выбару самога гурта.

Так што выходзіць, што калі «Ляпісы» адчулі сябе да канца часткай беларускай гісторыі і культуры, тады і сталі «Трубяцкімі». З чым мы іх і віншуем!

Tuzin.fm