У Менск упершыню прыедзе Fink (+ беларускі кавэр на яго)
2143 / 0
04.09.2015

У Менск упершыню прыедзе Fink (+ беларускі кавэр на яго)

Брытанскі выканаўца дасьць канцэрт 1 лістапада ў менскай рэстарацыі «Друзья» ў межах новага канцэртнага праекту пад умоўнай назвай «Музыка не для ўсіх».

Праект ладзіць канцэртнае агенцтва «Атам Інтэртэймэнт». Яго кіраўнік Андрэй Аляксееў кажа пра неабходнасьць стварэньня мерапрыемстваў новага тыпу: «Мы зацікаўленыя ў артыстах, якіх няма на буйных ТВ-каналах і радыё, але якія маюць папулярнасьць у сеціве і будуць цікавыя менскаму слухачу». На першым канцэрце гэтага праекту выступіць брытанскі індзі-рок выканаўца Fink. Квіткі на яго будуць каштаваць 340 000 рублёў, у той час як звычайна кошты на выступ замежных артыстаў сягаюць за мільён.

Fink (Фін Грынал) пачынаў кар’еру ў якасьці ды-джэя, выдаў дэбютны альбом, пасьля чаго кардынальна зьмяніў стыль на сумесь блюзу зь індзі-рокам. Фін грае разам з басістам Гаем Ўітакерам ды бубначом Тымам Торнтанам. Тур у падтрымку дыску «Hard Believer» прайшоў па 99 гарадах 27 краінаў. Адну з славутых песень Фіна «Looking Too Closely» пераклаў на беларускую Алесь Кот-Зайцаў і выканаў у межах свайго гурту Fridance.

Fink выступіць 1 лістапада ў рэстарацыі «Друзья». Квіткі ўжо зьявіліся ў продажы.

Tuzin.fm, фота Tommy N'Lance