Вольскі распавёў пры якіх абставінах можа сыграць з N.R.M. (відэа)
3407 / 0
29.05.2015

Вольскі распавёў пры якіх абставінах можа сыграць з N.R.M. (відэа)

Журы прэміі Rock Profi, куды ўваходзіла 60 самых актыўных беларускіх музыкаў, узнагародзіла N.R.M. у намінацыі «За ўнёсак», але гурт адмовіўся разам выходзіць на сцэну.

«На жаль, мы нічога не змаглі з гэтым зрабіць. Вельмі кепска, што N.R.M. ня можа сабрацца разам дзеля атрыманьня ўзнагароды. Зь іншага боку, зразумела, што гэта жыцьцё — людзі сыходзяцца і разыходзяцца», — сказаў Tuzin.fm арганізатар і фундатар прэміі Rock Profi Павал Юрцэвіч. Запрошаны былі ўсе ўдзельнікі клясычнага складу гурта, але на прэміі прысутнічаў толькі Лявон Вольскі, але па «энэрэмаўскую» ўзнагароду ён выходзіць ня стаў, узьняўся на сцэну толькі па статуэтку, атрыманую за свой сольны рэліз «Грамадазнаўства», які быў прызнаны «Альбомам году».

«Арганізатары добра з гэтым разабраліся, калі вырашылі, што гэтую ўзнагароду трэба ўручыць не на сцэне, а за кулісамі. Няма таго, што раньш было, што тут скажаш», — пракамэнтаваў нашаму парталу гэтую сытуацыю Лявон Вольскі. Пры гэтым музыка ня выключыў, што можа быць такая сытуацыя, калі гурт можа сабрацца разам. «Мусіць адбыцца такая рэч, дзеля якой нельга не сабрацца. Як, напрыклад, дапамога цяжкахвораму чалавеку, такога тыпу», — заявіў Лявон.

Гурт N.R.M. не існуе ў клясычным складзе з пачатку 2011 году, калі тры ўдзельнікі каманды Піт Паўлаў, Юрась Ляўкоў і Алезіс Дземідовіч заявілі, што будуць выступаць пад гэтай жа назвай безь Лявона Вольскага. Для Вольскага такое рашэньне апынулася поўнай нечаканасьцю. Абодва бакі дагэтуль старанна ўнікаюць адказаў на пытаньні адносна гэтай сытуацыі.

Апошні канцэрт у клясычным складзе гурт сыграў 10 лютага 2010 году. Яго відэвэрсія выйшла на тэлеканале «Белсат»

Tuzin.fm, фота Tarantino, budzma.by