Узнагароды «Rock Profi 2015» уручаць 28 траўня
1850 / 0
22.05.2015

Узнагароды «Rock Profi 2015» уручаць 28 траўня

Трэцяя цырымонія ўручэньня прафэсійнай музычнай прэміі Rock Profi пройдзе 28 траўня ў бары «Хуліган».

З нагоды ўручэньня «Rock Profi 2015» мяркуецца зладзіць вялікі канцэрт, у якім заяўлены гурты Nizkiz, Harotnica, «Носорогов & Ко», а таксама культавая рэгі-каманда «Вірус ліха», якая сёлета адрадзілася. Арганізатары прэміі кажуць, што ім хочацца, каб усё было дынамічна, пазытыўна і гучна, таму запрасілі пайграць менавіта гэтыя каманды.

На цырымоніі будуць абвешчаны пераможцы ў шасьці намінацыях: «Найлепшая песьня», «Найлепшы альбом», «Найлепшы запіс», «Дэбют году», «Артыст году», а таксама пачэсная ўзнагарода «За ўнёсак». Сьпіс намінантаў будзе абвешчаны на наступным тыдні.

Rock Profi — адзіная прэмія ў галіне альтэрнатыўнай музыкі (рок/індзі/альтэрнатыва), дзе найлепшых абіраюць ня крытыкі, прадусары ці журналісты, а самі музыкі. Ладзяць яе Павал Юрцэвіч і студыя «Осмас» разам з сайтам Experty.by. Права голасу маюць музыкі, якія выдалі поўнафарматныя альбомы ў апошнія тры гады. У галасаваньні ўзялі ўдзел больш за 60 артыстаў і гуртоў, шмат хто зь іх будзе прысутнічаць у залі.

Прэмія Rock Profi 2015 пачнецца 28 траўня ў 20:00 (уваход з 19:00). Квіткі будуць каштаваць па 80 000 (папярэдне) і 100 000 (у дзень). Набыць іх можна ў бары «Хуліган» штодзённа з 12:00 да 22:00. Даведкі праз тэлефон (017) 327-10-45.

Tuzin.fm