«Дударскі фэст» адноўлены (відэа)
1954 / 0
27.04.2015

«Дударскі фэст» адноўлены (відэа)

Празь перапынак у год вяртаецца адзін з самых арыгінальных беларускіх музычных фэстаў.

«Дударскі фэст» сёлета пройдзе ў 13-ы раз. Ідэя аб’яднаць на адной сцэне розных выканаўцаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй музыцы дуду, нарадзілася яшчэ ў 1992 годзе, а з 2006 году фэст стаў міжнародным і штогадовы. Шмат у чым дзякуючы яму старадаўняя дуда стала запатрабаваная ў беларускіх гуртах розных стыляў. «Дударскі фэст» таксама мае навукова-практычны складнік — у яго межах праводзяцца канфэрэнцыі і майстар-клясы. На сцэне ж прадстаўленая дударская музыка ўсіх кірункаў — ад традыцыйнага фальклёру да рок-музыкі. Гучаць беларускія, галісійскія, шатляндзкія, швэдзкія, нямецкія, літоўскія і латыскія дуды.

Арганізатары фэсту на чале зь лідэрам гурта «Стары Ольса» Зьмітром Сасноўскім заявілі, што сёлета фэст вяртаецца (летась традыцыя яго правядзеньня была прыпыненая). 30 траўня ў музэйным комплексе «Дудуткі» заплянаваны оўпэн-эйр з удзелам гуртоў «Стары Ольса», «Літы Талер»,  Pawa, Litvin Troll, гурт з Польшчы Jar. Запрашаюцца да ўдзелу маладыя каманды і дудары. Сувязь з арганізатарамі можна трымаць праз афіцыйную суполку фэсту.

Між тым, у гэтую сераду закрываецца сэзон у «Дударскім клюбе», паралельнай творчай ініцыятывы, якая праводзіцца, як кажа арганізатар Яўген Барышнікаў «у фармаце гарадзкой карчмы з блэкджэкам і шархунамі». 29 красавіка ў Jack Club будзе заключная сьвяточная імпрэза. Заяўляецца, што на ёй прэзэнтуюць першы ў Беларусі прафэсійны прынт на тэму тутэйшага дударства. Майкі з прынтом ад брэнду LSTR Adzieńnie можна будзе прыдбаць падчас вечарыны.

Tuzin.fm