Зьміцер Вінаградаў: «Я не разважаю катэгорыяй пэрспэктывы» (аўдыё)
1715 / 0
27.03.2015

Зьміцер Вінаградаў: «Я не разважаю катэгорыяй пэрспэктывы» (аўдыё)

Гітарыст гомельскага гурту «Бан-Жвірба» выклаў у сеціва свой электрычны альбом, зроблены пад натхненьнем ад творчасьці Radiohead, Coldplay і Jamiroquai.

Зьміцер Вінаградаў прапануе разглядаць свой альбом, як своеасаблівую справаздачу аб тым, што было напісана цягам апошніх некалькіх гадоў. Паралельна з удзелам у гурце «Бан-Жвірба» музыка ствараў і запісваў уласныя песьні. Пераважна самастойна, але ў некаторых трэках узялі ўдзел бубнач Артур Сьцяпанаў і Руслан Таргонскі ды басіст Уладзімер Перагудаў. «Я раблю тое, што люблю і што някепска атрымоўваецца, бо адчуваю ўнутраную патрэбу гэта рабіць. Што тычыцца пэрспэктывы, то я такімі катэгорыямі зь нейкага часу больш не разважаю», — заявіў музыка ў камэнтары для Tuzin.fm.

Cтылістычна Вінаградаў залічвае свой альбом да індзі-року, а сярод тых, хто паўплываў на працу называе найперш Radiohead і Coldplay. «Я далёкі ад думкі, што гучаньне альбому атрымалася модным, але яно ўпісваецца ў трэнд сучаснага брытанскага індзі, што абыгрывае спасылкі на залаты век року канца 60-х — пачатку 70-х. Хаця нават калі гэтая музыка была б насуперак усялякім трэндам, мяне гэта турбавала б у апошнюю чаргу», — заўважае Зьміцер.

Ці будзе прэзэнтаваная праца ўжывую, залежыць ад слухацкіх водгукаў, — кажа музыкант, які летась стаў ляўрэатам фэстывалю «Бардаўская восень». Ён працягвае пісаць уласныя песьні ды працаваць у студыі над песьнямі гурта «Бан-Жвірба», які цяпер рыхтуе чацьверты альбом.

Tuzin.fm

за тыдзень
за тры месяцы