«Здань» прэзэнтуе EP «У пошуках ежы», запісаны ва Ўроцлаве (прэм’ера!)
5019 / 0
10.03.2015

«Здань» прэзэнтуе EP «У пошуках ежы», запісаны ва Ўроцлаве (прэм’ера!)

У новы рэліз гарадзенскага гурта ўвайшлі пяць арыгінальных песень, а таксама дзьве іншамоўныя вэрсіі ўласных твораў — па-польску і па-ангельску.

Гурт «Здань» заявіў пра сябе сем гадоў таму, калі прэзэнтаваў на «Тузіне» сваю песьню «Ты зь Менску, я з Гародні», а заснаваны быў яшчэ ў 2000-м. Некалькі гадоў пра каманду нічога не было чуваць, але летась гарадзенцы нагадалі пра сябе — іх вэрсія песьні «Радыё Свабода» стала адным зь пераможцаў конкурсу на найлепшы кавэр «залатога» гіта гурта «Уліс». Цяпер гурт падрыхтаваў EP, куды ўвайшло 7 трэкаў. «Уласна кажучы нашую творчасьць можна падзяліць на две плыні, першая — гэта мае ўласныя акустычныя экспэрымэнты: вельмі шмат матэрыялу жыве менавіта ў такім фармаце і я зьбіраюся іх выдаць асобна, — кажа лідэр каманды Ўладзімер Крумін. — Другая плынь — гэта песьні, якія мы граем гуртом ужо на працягу шмат гадоў. Зь цягам часу некалькі песень выкрышталізаваліся і склалі аснову гэтага EP. Некаторыя зь іх мы ўжо прадстаўлялі як інтэрнэт-рэлізы, для некаторых зьмянілася аранжыроўка». Усе песьні Ўладзімер напісаў у супрацы з Алегам Вабішчэвічам. Дзьве кампазыцыі з дыску — «Безназоўная зорка» і «Правінцыйны рок-н-рол» маюць таксама ангельска- і польскамоўную вэрсію адпаведна. Трэкі былі запісаныя ва Ўроцлаве на студыі Momot Music. Кіраўнік студыі Кірыл Момат (у былым — гітарыст украінскага гурту «Тінь Сонця») стаў саўндпрадусарам альбому. Запіс праходзіў у складаных умовах, бо лідэр «Здані» жыве ў Польшчы, а астатнія ўдзельнікі каманды — у Горадні.

Назву рэлізу Ўладзімер тлумачыць так: «Калі нехта толькі цяпер адчуў подых крызісу, то ў нашым навакольлі пачуцьцё гэта суправаджае кожнага і заўсёды. Часам я нават думаю, што гэтая назва можа лёгка стаць дэвізам існаваньня нашай краіны».

Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.

Tuzin.fm

за тры месяцы