Італьянцы зьнялі фільм «Made in BY» з удзелам беларускіх музыкаў (трэйлер)
3470 / 0
27.02.2015

Італьянцы зьнялі фільм «Made in BY» з удзелам беларускіх музыкаў (трэйлер)

У здымках узялі ўдзел Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, Сяргей Пукст, Раман Жыгараў, Аляксандар Памідораў ды іншыя беларускія творцы.

Аўтараў фільму «Made in BY» Беларусь зацікавіла найперш як «краіна-прывід». У сынопсісе праекту яна называюцца «Паўночнай Карэяй Эўропы» і, вядома ж, «апошняй дыктатурай Эўропы», незалежнай дзяржавай на мяжы паміж двума кантынэнтамі і дзьвюма цывілізацыямі. Незалежны кінарэжысэр Люіджы Мілярдзі выкарыстоўвае культуру ў якасьці ключа да разуменьня тых працэсаў, якія адбываюцца ў нашым грамадзтве і шукае адказаў на пытаньні: як выжывае творчасьць ва ўмовах цэнзуры, ці ідуць людзі культуры на зьдзелку з дыктатурай і як наогул можна быць незалежным у краіне, дзе практычна ўсё кантралюецца дзяржавай.

Італьянцы двойчы былі ў Беларусі. Упершыню яны прыехалі ў Менск у 2013 годзе, другі раз — у час чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе. Агулам пражылі тут каля двух месяцаў, запісалі безьліч інтэрвію зь мясцовымі грамадзкімі дзеячамі, музыкамі, паэтамі, мастакамі, акторамі, журналістамі. Цікава, што большасьць герояў адказвала на пытаньні на ангельскай мове.

Міжнародная прэм’ера стужкі адбудзецца 5 сакавіка ў Празе на One World Film Festival. А пакуль на youtube-канале фільму паступова зьяўляюцца відэаінтэрвію-замалёўкі пра герояў фільму.

Tuzin.fm