Такінданг у ролі «ананіма»: «Сытуацыя ў вашым клюбе пажаранебясьпечная» (відэа)
1809 / 0
09.02.2015

Такінданг у ролі «ананіма»: «Сытуацыя ў вашым клюбе пажаранебясьпечная» (відэа)

Андрусь Такінданг склаў песьню пад уражаньнем ад нахабнай забароны канцэрту Вайцюшкевіча.

На стварэньне новага твору музыку натхніла «пажаранебясьпечная» сытуацыя, якая ўзьнікае ў менскіх клюбах пры набліжэньні да іх Зьмітра Вайцюшкевіча. Андрусь Такінданг, які апошнім часам выступае як аўтар жартаўлівых куплетаў на злобу дня, выказвае вэрсію, што ў зрыве канцэрту вінаватае НЛА і сьнежны чалавек, а палітыкі тут, вядома ж, аніякай няма.

Ад правядзеньня канцэрту Вайцюшкевіча ў межах праекту «Жывы Тузін» адмовіліся адразу дзьве пляцоўкі са спасылкаю на адсутнасьць электрычнасьці. Дзякуючы падтрымцы парталу Tut.by артыст правёў суцяшальную творчую сустрэчу і аўтограф-сэсію ў галерэі Tut.by ў гэтую нядзелю, 8 лютага. Фотарэпартаж зь яе можна паглядзець на сайце Budzma.by.

Tuzin.fm

Сьцеражыся, артыст!

I am містэр Чорны Сьпіс!

Я страляю з-за кулісаў,

Я культурны экстрэміст.

Бэнг! Бэнг!

Адменены канцэрт!

Бэнг! Бэнг!

Прыбралі кліп з TV

Бэнг! Бэнг!

Добры дзень, выдавец!

Ад шчырага сэрца

Штрафуем цябе.

Вось так! Ніхто ні пры чым!

Усё зрабілась само,

Электрасеткі абрыў,

Санстанцыя знайшла пацукоў!

Палітыкі ніякай няма.

Папросту абставінаў зьбег.

Вінаватае НЛА,

Вінаваты сьнежны чалавек!

«Ало, Адольф Пятровіч!

Вас ананім непакоіць.

Сытуацыя ў вашым клюбе, дарэч,

Пажаранебясьпечная!

Артыст, які выступіць жадае,

Задужа гарачы для вашае залі!

Нікому ня трэба лішніх праблемаў.

Спадзяюся ўсё зразумела…»

Чорны сьпіс — кароль арэнды,

Чорны сьпіс — майстра адмены.

Едзьце ў Вільню на вольную сцэну.

 

А тут — пакуль што бязь зьменаў!