Leibonik выступіць перад WZ-orkiestra на «Жывым Тузіне» (відэа)
1947 / 0
20.01.2015

Leibonik выступіць перад WZ-orkiestra на «Жывым Тузіне» (відэа)

Гурт Сяргея Башлыкевіча, прызнаны «Адкрыцьцём году» на прэміі парталу Tuzin.fm «Героі году — 2014», выступіць 6 лютага ў клюбе «Піраты» ў межах канцэрту Зьмітра Вайцюшкевіча.

Сяргей Башлыкевіч як пачуў, што WZ-orkiestra дае клюбны канцэрт, зьбіраўся набываць квіток, але атрымаў запрашэньне ад парталу Tuzin.fm ня толькі папрысутнічаць у залі, але і сыграць свае найлепшыя песьні на пачатку імпрэзы. Гурт Leibonik  выступіць поўным складам, і хоць сэт будзе невялікі, музыкі абяцюаць «зрабіць горача». «Вельмі прыемна будзе грэць сцэну і залю для чалавека, чыя „Я ішоў да цябе“ калісьці грала ў галаве суткамі. Паспрабуем ня толькі прэзэнтаваць сябе гасьцям канцэрту, але і падглядзець ды пераняць сцэнічныя сакрэты. Упэўнены, у WZ-orkiestra нам ёсьць чаму павучыцца», — кажа Сяргей Башлыкевіч. Ён вылучае ў Вайцюшкевіча дзьве адметныя рысы. Па-першае, самадастатковасьць: «Зьміцер — музыка, які заўжды цікава і паўнавартасна гучыць як сольна, так і ў складзе гурта». А па-другое, прастата і шчырасьць. На заўвагу Башлыкевіча, Вайцюшкевіч свае песьні не пяе — ён імі размаўляе.

Што да творчасьці Leibonik, то на днях гурт прадставіў жывое відэа на ўласную вэрсію песьні «N'oubliez jamais», вядомай з выкананьня Джо Кокерам. Яна прысьвечана памяці славутага сьпевака, які пайшоў у іншы сьвет 22 сьнежня 2014 году.  

Набыць квіткі на канцэрт 6 лютага Leibonik і WZ-orkiestra

Tuzin.fm