Анархісты пратэстуюць супраць затрыманьняў на панк-канцэрце
1641 / 0
19.01.2015

Анархісты пратэстуюць супраць затрыманьняў на панк-канцэрце

У Менску прайшла акцыя на знак пратэсту супраць дзеяньняў міліцыі і КДБ на канцэрце 10 студзеня.

Акцыя адбылася ўвечары 16 студзня. Некалькі чалавек выйшлі да Дому правасудзьдзя і будынку Ленінскага РУУС Менску з плякатамі «Я ОМОН, мне по*уй на закон», «Я экстрымісты, перад сумленьнем чысты» ды іншымі. Пра гэта паведамляе сайт «Анархічны Чорны Крыж». Удзельнікі акцыі распаўсюдзілі маніфэст, падпісаны як «Аўтаномныя групы анархістаў Менску». У ім у прыватнасьці вядзецца: «Мы хочам зьвярнуцца да ўсіх карных органаў. Вы намагаецеся нас запужаць, але ў вас не выходзіць. Канцэрты будуць працягвацца, людзі будуць і надалей займацца пратэставай дзейнасьцю. Салідарнасьць вышэй за страх. Пасьля аднаго закрытага канцэрту будзе праводзіцца два. На кожнага асуджанага нязгоднага будзе прыходзіць некалькі навічкоў і вы самі гэтаму спрыяеце…»

Tuzin.fm пісаў пра інцыдэнт на панк-канцэрце з удзелам італьянскага гурта Kalashnikov, калі ў клюб уварваліся байцы АМАПу. У выніку праведзенай апэрацыі было затрымана некалькі чалавек. Два хлопцы былі асуджаныя за дробнае хуліганства на 10 сутак, а дзяўчыне прысудзілі штраф у памеры 10 базавых нібы за нецэнзурную лаянку. Анархісты таксама паведамляюць, што міліцыянты паступова наведваюць гледачоў канцэрту па месцы жыхарства па сьпісе, які быў складзены ў той вечар у клюбе.

Tuzin.fm, фота Abc-Belarus.org

за тры месяцы