Джо Кокер пайшоў у іншы сьвет
2364 / 0
22.12.2014

Джо Кокер пайшоў у іншы сьвет

22 сьнежня ва ўзросьце 70 гадоў памёр славуты сьпявак Джо Кокер.

Пра сьмерць брытанскага музыкі сусьветныя СМІ паведамілі ўвечары 22 сьнежня са спасылкай на яго агента Бары Маршала. Джо Кокер памёр у сябе дома, у Каларада ў выніку анкалягічнага захворваньня.

Джо Кокер нарадзіўся ў Шэфілдзе ў 1944 годзе, на сцэне выступаў з 17 гадоў. Мае 22 выдадзеныя студыйныя альбомы. Сусьветную вядомасьць яму прынёс перасьпеў песьні The Beatles «With a Little Help from My Friends» у 1968 годзе. Адметнасьць сьпевака была ў яго нізкім хрыплым голасе, а таксама манеры трымацца на сцэне — сьпяваць растапырыўшы пальцы. Кокер — кавалер Ордэна Брытанскай імпэрыі, уладальнік «Оскару». Па вэрсіі часопіса Rolling Stone ўвайшоў у лік ста выбітных сьпевакоў сучаснасьці.

У Менск з канцэртам Джо Кокер прыяжджаў двойчы — у 2010 годзе і ў 2013-м. Абодва выступы прайшлі ў «Менск-Арэне» надзвычай удала.

Tuzin.fm смуткуе з нагоды сыходу вялікага музыкі.

Tuzin.fm

Тэгi: