Саня Фунт з Жодзіна выдаў сынгл пра дэнамінацыю (прэм’ера)
5173 / 0
17.10.2014

Саня Фунт з Жодзіна выдаў сынгл пра дэнамінацыю (прэм’ера)

Музыка прадставіў трэк пад назвай «Ёсьць рублі».

Аляксандар Дубень, музыка з Жодзіна, выступае пад творчай мянушкай Саня Фунт. «Я адвучыўся ў музычнай школе па клясе баяну, спрабаваў свае сілы ў ігры на фартэпіяна, а пасьля ўзяўся за гітару ды знайшоў сваё пакліканьне, а таксама спосаб для заробку на вуліцах і пераходах», — іранічна распавядае пра сябе выканаўца. Паступова кавэр-вэрсіі ў ягоным рэпэртуары выціснулі песьні ўласнага сачыненьня. Саня Фунт піша па-беларуску, а таксама па-ангельску ды па-расейску. Даў некалькі канцэртаў у клюбе «Салтайм», які нядаўна зачыніўся. «Магчыма ў будучыні дзе-небудзь яшчэ знойдуцца пляцоўкі для выступаў артыста, які здольны на прафэсійным узроўні не трапляць у ноты», — кажа з гэтай нагоды выканаўца.

Свой першы сынгл Саня Фунт прадстаўляе так: «Гэта песьня актуальная як ніколі. У той час, як актыўна ідзе абясцэньваньне беларускіх грошай, кампазыцыя з гумарам апавядае аб эканамічнай сытуацыі ў нашай краіне. Нават назапашаныя для фатаграфіі пяцідзесяцірублёвыя купюры ўжо абяцаюць прыбраць. А хутка прыбяруць і нулі».

Tuzin.fm