Беларускую практыку перанялі ў Расеі: забараняюць канцэрты Noize MC (відэа)
2132 / 0
16.10.2014

Беларускую практыку перанялі ў Расеі: забараняюць канцэрты Noize MC (відэа)

Выступ выканаўцы ў Белгарадзе настойліва параіў не праводзіць Савет бясьпекі гораду. Да гэтага канцэрты былі сарваныя ў Краснаярску, Уладзівастоку, Іркуцку, Хабараўску.

Чыноўнікі на месцах «засьцерагаюцца правакацыяў» на канцэртах, таму ціснуць на арганізатараў і канцэртныя пляцоўкі. Арганізатар аднаго з канцэртаў Нойза выклаў ліст з настойлівым пажаданьнем ад гарадзкіх уладаў адмовіцца ад правядзеньня мерапрыемства. Выступы ў іншых гарадах таксама адмяняюцца з розных надуманых прычынаў. Сытуацыя знаёмая для Беларусі, дзе такое адбываецца яшчэ з 1995 году.

«Быць свабодным у несвабоднай краіне можна і трэба. У савецкія часы тры чалавекі маглі выйсьці на вуліцу і выказаць сваю нязгоду, разумеючы, што іх цяпер проста заграбуць і схаваюць. Вось гэта свабодныя людзі! Я лічу гэта крута. Трэба ўласным прыкладам паказваць, што быць свабодным — гэта правільна і натуральна», — зазначыў выканаўца ў інтэрвію падчас аднаго з сваіх прыездаў у Менск. Noize MC увосень прадставіў свой шосты студыйны альбом «Hard Reboot», гэтак жа называецца фільм беларускага рэжысэра Андрэя Кудзіненкі з расейскім выканаўцам у галоўнай ролі, які рыхтуецца да прэм’еры.

Tuzin.fm

Відэа. Noize MC сьпявае на канцэрце ў Менску песьні гурта «Ляпіс Трубяцкі» — «Болт» у сваёй вэрсіі і «12 обезьян».