Рон Тал з Guns N’Roses: «У Беларусі як у бабулі на Брайтан-Біч» (прэм’ера відэа «Live in Minsk»)
2119 / 0
16.10.2014

Рон Тал з Guns N’Roses: «У Беларусі як у бабулі на Брайтан-Біч» (прэм’ера відэа «Live in Minsk»)

Адбылася прэм’ера канцэртнага фільму «Live in Minsk», зьнятага падчас выступу амэрыканскага гітарыста Рона Тала.

Рон прыяжджаў у Менск у красавіку гэтага году. Ён даў аўтограф-сэсію, паўдзельнічаў у сэмінары, сустрэўся з навучэнцамі музычнай вучэльні імя Глінкі ды даў канцэрт у клюбе «Каёт» разам зь беларускімі музыкамі. У якасьці вакалістаў выступілі Вольга Сацюк, вядомая з удзелу ў дзіцячай «Эўравізіі-2003», ды вакаліст групы The Road Dogs Сяргей Скляраў. Разам з славутым гітарыстам выступалі Сьвятаслаў Чарнуха (бубны), Валер Башкоў (бас), а таксама гітарысты Сяргей Трухановіч, Павал Трыпуць, Аляксандр Кіс, Віктар Навумік, Юры Віленчык, Міхаіл Філіпеня. Разам выконвалі творы з рэпэртуару Guns’n’Roses ды сусьветныя гіты.

«Мае продкі прыехалі ў Амэрыку зь Літвы, так што ў пэўным сэнсе я вярнуўся дамоў. Ежа ў вас нагадала мае паездкі да бабулі на Брайтан-Біч, калі я быў зусім маленькім! Выступ мне спадабаўся, асабліва ўзаемаабмен сола зь беларускімі музыкамі падчас джэму. Гэта было выдатна!» — згадвае пра свае паездку музыка.

Канцэртнік «Live in Minsk» выдадзены з асабістага дазволу гітарыста Guns NRoses. Ініцыятар выданьня Сьвятаслаў Чарнуха спадзяецца, што з дапамогай гэтага відэа беларускія музыкі больш эфэктыўна змогуць пераняць досьвед прафэсіяналаў сусьветнага ўзроўню. Cьвятаслаў цяпер займаецца прыездам яшчэ адной зоркі глябальнага маштабу — францускага гітарыста Крыстофа Гадэна. Яго майстар-кляса заплянаваная на 19 кастрычніка ў клюбе TNT.

Tuzin.fm