2126 / 0
05.09.2014

Міхалок патлумачыў чаму распаўся «Ляпіс» (+камэнтар рэдакцыі)

Справа ў несупадзеньні поглядаў.

«Праект пад назвай Brutto я задумаў пасля трылёгіі „Agitpop“ гурту „Ляпіс Трубяцкі“. Буфэрам паміж Brutto і „Ляпісамі“ павінен быў стаць мой сольны альбом „Весёлые картинки“. Падкрэсьліваю, „Весёлые картинки“ — гэта мая сумесная праца з маім сябрам з Кіева Віталём Цялезіным. Ні па канцэпцыі, ні па музычна-паэтычным увасабленьні гэты альбом ня мае нічога агульнага з рэвалюцыйна-эстрадным, сьвяточным і агітбрыгадным „Ляпісам“. Але роспуску „ЛТ“ перашкодзілі палітычныя падзеі ў Рэспубліцы Беларусь. Нас пачалі прэсаваць, забараняць канцэрты, і роспуск групы ўспрынялі б як баязлівасьць і маладушнасьць.

Я зьехаў у Маскву і ўвасобіў частку песень для Brutto зь „Ляпісамі“ ў альбоме „Рабкор“. Падкрэсьлю, што „Рабкор“ — гэта мой субектыўны, глыбока асабісты погляд на сучаснае мастацтва як мэтад агітацыі і ўзьдзеяньня на масавую сьвядомасьць. Ужо тады стала ясна, што частка музыкаў і прыхільнікаў „Трубяцкога“ не падзяляе майго рэвалюцыйнага настрою і маіх дзёрзкіх, брутальных учынкаў. Ідэя Brutto разарвала „Ляпіс“ знутры і прабілася праз дуты шар „ляпісаўскага“ дабрабыту. Паніка, злосьць, ярасьць, замяшаньне, крыўды і ўзаемная нянавісьць ахапілі аснову сындыкату Lyapis Crew і фанатаў гурту. Я вырашыў сысьці з „Трубяцкога“ і стаў шукаць аднадумцаў для стварэньня Brutto.

Падчас падрыхтоўкі Brutto мы запісалі зь „Ляпісамі“ яшчэ адзін альбом „Матрёшка“, паставіўшы тым самым тлусты клічнік у фінале цярністага, супярэчлівага шляху гурту „Ляпіс Трубяцкі“.

Дзякуй сябрам за натхненне і цеплыню! Дзякуй ворагам за матывацыю і лютасьць!

Ваш Міхалок, ён жа Сэрджыё Брута»

Камэнтар ТГ. «Ляпісам» робіць гонар тое, што яны вырашылі свае адносіны і несупадзеньні ў поглядах не выносіць на публіку ды разышліся зь мірам. Такое ў музыцы бывае ня часта. Ёсьць спадзеў, што ў нас цяпер будзе два пасьпяховыя гурты — і «Трубяцкі», і Brutto засьведчаць сваю творчую дзеяздольнасьць, ня страцяць, а толькі нарасьцяць новую аўдыторыю, а ня будуць паміж сабой дзяліць музыкаў, песьні і канцэртныя пляцоўкі. «Песьняроў» ужо хапіла.

Tuzin.fm

за тры месяцы