Гурт «Вочы» анансуе новы альбом (аўдыё)
2329 / 0
19.08.2014

Гурт «Вочы» анансуе новы альбом (аўдыё)

Альбом новага праекту Юрыя Дубовіка будзе звацца «Усё бачаць».

У гарадзенскай музычнай тусоўцы Юрыя Дубовіка жартам называюць «бацькам гарадзенскіх эма», ён вядомы найперш з гурта «Воображаемые люди», адной зь вядучых камандаў гарадзенскай рок-сцэны 90-х — пачатку 00-х. Яна была заснавана ў 1993 годзе і за гэты час запісала шэсьць студыйных альбомаў, у 2000-м намінаваліся на «Рок-Каранацыі» ў катэгорыі «Адкрыцьцё году»… У 2012 годзе Юры нечакана пачаў працу над новым беларускамоўным праектам пад назвай «Вочы». «Я заўсёды пісаў песьні толькі на расейскай мове. Мы ўсе — людзі майго пакаленьня — прайшлі праз Савецкі Саюз. Усе гаварылі па-расейску. За ўвесь час у „Воображаемых людей“ была толькі адна беларускамоўная песьня. І вось у нейкі момант я адчуў неабходнасьць выказаць думкі на мове маёй роднай зямлі. І неяк самі па сабе сталі пісацца беларускамоўныя песьні», — прызнаўся тады музыка ў інтэрвію Tuzin.fm.

За два гады дзейнасьці новага праекту Юрыя «Вочы» матэрыялу набралася на паўнавартасны альбом, які вырашана назваць «Усё бачаць». Запіс і зьвядзеньне ўжо сканчаюцца, а пакуль гурт паказаў адну з сваіх новых песень «Званы зьвіняць».

Афіцыйны сайт/Суполка УК

Tuzin.fm