«Краме» забаранілі граць на карпаратыве
2218 / 0
18.08.2014

«Краме» забаранілі граць на карпаратыве

Ігар Варашкевіч заявіў, што ягонаму гурту забаранілі выступіць на карпаратыве ў Дудутках.

Музыкаў запрасілі адыграць канцэрт на прыватнай вечарыне 23 жніўня ў музэі народных рамёстваў і тэхналёгіяў «Дудуткі». Але раптоўна выступ быў адменены. «Мне паведамілі, што дырэктара музэю некуды выклікалі і сказалі, каб „Крама“ не выступала, — паведаміў Tuzin.fm лідэр гурта Ігар Варашкевіч. — Усё адбылося па той жа схеме, што ў час першай і другой хвалі забаронаў, без тлумачэньня прычынаў». Цікава, што год таму «Крама» выступала ў Дудутках і ня мела ніякіх праблемаў.

Ігар Варашкевіч зьбянтэжаны такім паваротам, бо «Крама» цяпер рыхтуецца да прэзэнтацыі новага альбому. «Цяпер незразумела як рыхтавацца да нашага вялікага канцэрту, бо можа стацца так, што мы вызначым дату, дамовімся з заляй, заплоцім нейкія грошы за арэнду, а выступ могуць так вось лёгка сарваць», — кажа музыка. 

Адміністрацыя музэю «Дудуткі» пакуль не дае афіцыйнага тлумачэньня адносна гэтай сытуацыі.

Tuzin.fm