BosaeSonca запрашае зьняцца ў сваім новым відэа (аўдыё)
2138 / 0
23.07.2014

BosaeSonca запрашае зьняцца ў сваім новым відэа (аўдыё)

Дзеля гэтага музыкі ладзяць пэрформанс у цэнтры Менску.

Здымкі пройдуць ля менскай Ратушы 27 ліпеня ў 14:00. Лідэр BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў распавёў Tuzin.fm, што яны зьбіраюцца зладзіць пэрформанс: «Захацелася зрабіць нешта разам з нашымі прыхільнікамі, бо людзі, якія нас слухаюць і прыходзяць на нашы канцэрты вельмі незвычайныя, пераконваюся ў гэтым штораз. На пляц да Ратушы мы запрасілі танцораў, якія навучаць усіх ахвочых танчыць у стылі ліндзі якраз пад наш трэк. А пасьля майстар-клясу мы пайграем, а людзі разам з прафэсійнымі танцорамі патанчаць. Гэта ўся дзея будзе засьнята і стане асновай для нашага новага кліпу». Рэжысэрам роліку выступіць Сяргей Дрэваль, які рабіў ужо для гурта вясельнае відэа на песьню «Люблю». Для відэаўвасабленьня абраная песьня «У маёй галаве», якая запісаная падчас працы над альбомам «Адпусьці», але ў фінальную вэрсію не ўвайшла.

Прэзэнтаваць сваё новае музычнае відэа BosaeSonca хоча на сваім канцэрце ў клюбе «Графіці» 31 ліпеня. Сеціўная прэзэнтацыя роліку «У маёй галаве» адбудзецца на партале Tuzin.fm.

Tuzin.fm