Правілы
220 / 0
23.10.2020

Nizkiz знялі кліп з тысячамі пратэстоўцаў

Nizkiz прэзентуюць кліп на песню «Правілы» — яго здымалі падчас нядзельных маршаў.

Яшчэ ў чэрвені магілёўскі гурт Nizkiz выпусціў песню «Правілы» — адзін з самых светлых твораў мірнага пратэсту. Музыкі казалі, што гэта песня пра правільныя крокі ў бок чагосьці новага.

Пасля, у жніўні, гурт далучыўся да нядзельных шэсцяў — на адным з іх яны здымалі кадры для будучага кліпа. Апроч саміх музыкаў, у кліп трапілі тысячы пратэстоўцаў, беларускія дыяспары, валанцёры Акрэсціны, вядомыя асобы Беларусі і замежжа.

— Сябры, дзякуй кожнаму з вас, што вы такія смелыя, моцныя і неверагодныя. Такія прыгожыя і вартыя перамогі. Шукайце сябе на відэа, уяўляйце, які доўгі шлях мы ўжо прайшлі і не здавайцеся, бо каму мы патрэбныя, калі не сабе, — напісалі ў сваіх сацыяльных сетках Nizkiz. 

Здымала відэа каманда KROK FILMS. Яны ж часта здымаюць канцэртныя выступы гурта.