Вясновая
243 / 0
20.10.2020

«Вясновая» — Barrokka заклікаюць прачынацца

Гурт Barrokka прэзентуе ў відэачарце TuzinFM кліп на песню «Вясновая», якая была створаная больш за год таму, але час яе прыйшоў толькі цяпер.

За адзін дзень да выбараў ў Беларусі мінскі кабарэ-бэнд Barrokka выпусціў кліп «Вясновая» з такім каментаром: «Больш немагчыма трываць». 

— Калі здаецца, што не застаецца нічога. Калі на руінах веры змярцьвелая прастора разбуранай будучыні і стабільнасць застою. Нават тады не варта здавацца. Ёсць вышэйшая справядлівасць. Ёсць галоўны закон адраджэння. Беларусь уваскрэсьне - трэба толькі нам усім выйсці і прыняць яе ў свае абдымкі, — пішуць музыкі.

Відэа здымалі ў розных лакацыях. Найбольш цікавая — руіны царквы ў вёсцы Беразавец. Ідэя кліпа належыць Алегу Басаву, а рэжысёрам выступіў Аляксандр Алейнікаў. 

У 2019 годзе гурт ужо выконваў «Вясновую» на фестывалі Басовішча, але, як мяркуюць музыкі, яны крыху апярэдзілі час. 

— Год таму, нават больш, я і мой тата напісалі песню пад назвай «Вясновая». Я ўжо адмовілася пісаць для гэтага праекта драматычныя песні, мы ўжо не пра тое. Мы быццам бы нешта адчулі, але рана. Здаецца, цяпер вы зразумееце, што мы хацелі сказаць гэтай песняй, — распавядае салістка гурта Ліза Леўчык. 


Barrokka — Вясновая (словы Андрэя Леўчыка)


Вецер

з поўдня ці з поўначы,

Ветразь

раптам напоўніў мне.

Б'ецца

нібы насустрач жыццю

зноў сэрца.


Вецер

стужкі палошча і

Недзе,

рвемся на плошчу мы.

Ледзь не

прама з нябёсаў «Трымай-ся»

Льецца.


І зноў

Тыя цудоўныя сны

І зноў

Мы на пачатку вясны

І зноў

Трэба прачнуцца, паўстаць

І зноў

Больш немагчыма трываць.


Вецер

гладзіць па тварах і

Годзе

жыць толькі марамі

Недзе

шчасце на нарах

Але

лепш здохнуць.


Вецер

З захаду свежасцю

Смецце

Усё с незалежнасці

Садзьме

Жыць па-ранейшаму

Мабыць хопіць.


І зноў

Тыя цудоўныя сны

І зноў

Мы на пачатку вясны

І зноў

Трэба прачнуцца паўстаць

І зноў

Больш немагчыма трываць.


Вецер,

з поўдня ці з поўначы

Ветразь

раптам напоўніў мне.

Б'ецца

нібы насустрач жыццю

зноў сэрца.


І зноў

Тыя цудоўныя сны

І зноў

Мы на пачатку вясны

І зноў

Трэба прачнуцца паўстаць

І зноў

Больш немагчыма трываць