На стомленых крылах
122 / 0
07.10.2020

«Быць мілай мяне стаміла» — LEAR спявае пра роспач ад сітуацыі ў краіне

Лера Суравіцкая прэзентуе ў новым туры відэачарта TuzinFM кліп на песню «На стомленых крылах». Гэты трэк — спроба зафіксаваць эмоцыі.

Відэа да песні здымалі яшчэ ў чэрвені на даху аднаго з шматпавярховікаў Мінска. Рэжысёрам выступіў Аляксандр Духан, а за музыку адказваў Уладзь Лепяшынскі.

— Першапачаткова трэк - гэта спроба зафіксаваць менавіта эмоцыю, якая ўзнікла ад адчування падзеяў гэтага лета, успрымаць яго можна па-рознаму, але трактаваць аднабакова нельга. Ёсць уражанне, што з моманта рэлізу трэк яшчэ больш напоўніўся сэнсамі, і пачуцці ад выканання зрабіліся мацнейшымі, — кажа Лера.

Словы песні напісаў Віталь Рыжкоў, і гэта не першая іх супраца — у межах конкурса «Заспявай» Лера стварыла песню «Планета знасіла сваю арбіту» на тэкст грузінскага паэта Гагі Нахуцрышвілі, які Віталь пераклаў на беларускую мову.

Цяпер LEAR выконвае гэты трэк на дваравых канцэртах і кажа, што раз-пораз яго ставяць падчас нядзельных маніфестацый.

За навінамі спявачкі можна назіраць у яе сацыяльных сетках

 

LEAR - На стомленых крылах (словы Віталя Рыжкова і Валерыі Суравіцкай) 
 
На стомленых крылах 
Анёлы ляцяць у вырай. 
На стомленых крылах, 
На стомленых крылах. 
 
У краіне, якая ўскарміла, 
Спявала няшчыра ды міла, 
Жыццё праходзіла міма. 
Быць мілай мяне стаміла. 
 
Я не магу 
дыхаць 
наагул. 
Выхад 
адшукаць 
з ліха, 
каб ачуняць 
крыху. 
 
На стомленых крылах 
Анёлы ляцяць у вырай. 
Марылі з імі 
Жыць у шчаслівай краіне. 
На стомленых крылах 
Анёлы ляцяць у вырай. 
Ляцяць у вырай. 
 
У гэты апошні вечар 
Анёлы злятаюць навечна, 
Каб проста застацца ў вершах, 
І песнях маіх недарэчных. 
 
Я не магу 
дыхаць 
наагул. 
Выхад 
адшукаць 
з ліха, 
каб ачуняць 
крыху. 
 
На стомленых крылах 
Анёлы ляцяць у вырай. 
Марылі з імі 
Жыць у шчаслівай краіне. 
На стомленых крылах 
Анёлы ляцяць у вырай. 
Ляцяць у вырай. 
 
Што з намі? Што з імі? 
Што з вамі? Хто мы? 
Што з намі? Што з імі? 
Што з вамі? Хто мы? 
 
На стомленых крылах 
Анёлы ляцяць у вырай. 
Марым мы з імі 
Жыць у шчаслівай краіне. 
Жыць у шчаслівай краіне.