Маменька
1885 / 0
20.09.2019

Як беларусаў у расейскае войска забіралі. Кліп, зьняты на двух кантынэнтах

Беларускі праект Kozak Family Trio з Нью-Джэрзі прэзэнтуе на TuzinFM кліп на палескую песьню «Маменька», у якой распавядаецца пра тое, як беларусаў у часы Расейскай імпэрыі ў войска забіралі.

У Kozak Family Trio ўваходзяць сьпявак Аляксандар Казак, ягоная жонка — заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Пархоменка, а таксама іхняя дачка Вольга Казак, вядомая ў Амэрыцы як поп-сьпявачка Olyia. Яна ж выступіла прадусарам праекту і рэжысэркаю відэа.

«Мы здымалі відэа на двух кантынэнтах. Адна каманда працавала ў Нью-Ёрку і Нью-Джэрзі, а другая — у Гомлі і Менску. У гэтым кранальным сьпеве мы спрабавалі захаваць аўтэнтычнае гучаньне, але пры гэтым дадаць сучасны саўнд, нездарма ў кампазыцыі можна пачуць і электрагітару, і бубны», — сказала ў камэнтары для TuzinFM Вольга Казак.

«Маменька» — палеская рэкруцкая песьня, у якой распавядаецца пра тое, як беларускіх хлоцаў забіралі ў расейскае войска. Алесь і Валянціна выконвалі яе пры канцы 1980-х, калі былі салістамі ансамбля народнай музыкі «Жывіца» пры Беларускай тэлерадыёкампаніі. У 1990 годзе сям’я пераехала ў Амэрыку, дзе яны працягнулі займацца музыкаю. Kozak Family Trio выступалі ў Лінкальн-цэнтры, у ААН, у Нацыянальнай опэры ў Кліўлэндзе ды на іншых прэстыжных пляцоўках.

Больш інфармацыі пра гэтую сям’ю можна дазнацца з інтэрвію на «Радыё Свабода».

Kozak Family Trio — Маменька (рэжысэр — Вольга Казак)

TuzinFM