Калі над лугам бусел праляцеў
849 / 0
01.08.2019

Dzieciuki. За буслом паляцець і ўсё зразумець

Гурт Dzieciuki прэзэнтуе на TuzinFM кліп на песьню «Калі над лугам бусел праляцеў». Відэа зьняў нямецкі рэжысэр Робэрт Экштайн у маленькай польскай вёсцы, якая знаходзіцца на памежжы Літвы і Беларусі.

Кліп на песьню «Калі над лугам бусел праляцеў» — працяг супрацы нямецкага рэжысэра і гарадзенскай фольк-панк-фармацыі. Робэрт зацікавіўся музыкай «Дзецюкоў», калі здымаў у Беларусі фільм пра беларускую субкультуру. У якасьці падарунку неўзабаве ён зьняў відэа да іх песьні «Эпілёг». Гэтым разам ён таксама выступіў ініцыятарам здымак разам з апэратарам Клемэнсам Юркам. Рэжысэр кажа, што яму вельмі спадабалася новая песьня гарадзенцаў на верш Алеся Чобата і зьявілася ідэя як яе візуалізаваць, ён напісаў музыкам і яны вызначылі дзень і месца здымак.

«Здымалі ў маленькай польскай вёсцы Чарна Бухта, якая знаходзіцца на памежжы Польшчы, Літвы і Беларусі. У гэтай вёсцы жывуць двое нашых польскіх сяброў — музыкі з гурта No Logo. Там вельмі блізка да беларускай мяжы, а найбліжэйшы памежны пераход — Друскенікі», — распавёў TuzinFM вакаліст гурта Алесь Дзянісаў.

На галоўную ролю паклікалі сябру гурта Пётрыка Дудановіча, які ладзіць «Дзецюкам» канцэрты ў Польшчы. У гэтым відэа таксама можна ўбачыць новага ўдзельніка гурта — Уладзіслава Берната, які прыйшоў замест ранейшага вакаліста Пашы Трабла.

Песьня «Калі над лугам бусел праляцеў» увойдзе ў новы альбом «Радыё „Harodnia“», прэзэнтацыя якога адбудзецца на пачатку верасьня на партале TuzinFM.

Dzieciuki — Калі над лугам бусел праляцеў (рэжысэр — Робэрт Экштайн)

TuzinFM