Дзед Барадзед
1270 / 0
04.05.2019

Дзед Барадзед вярнуўся. Цяпер і на відэа

Гурт «Дом сувязі» прэзэнтуе дэбютны кліп на песьню пра Дзеда Барадзеда, якая лідзіруе ў вясновым аўдыёчарце на TuzinFM.

Гісторыя гэтага відэа бярэ пачатак у 2016 годзе. Тады лідэру «Дома сувязі» Максу Марозаву напісаў ягоны сябра Міхаіл Цыганкоў з прапановай зрабіць разам кліп, каб паўдзельнічаць у конкурсе на Onliner.by. Для таго, каб увасобіць гэтую ідэю ўтварылася цэлая крэатыўная каманда, у якую ўвайшлі таксама Зьміцер Уманец ды Зьміцер Пышны. «Мы адразу ведалі, што будзем здымаць на VHS-стужку, бо ў Зьмітра было ажно дзьве такія рарытэтныя камэры. І адразу выбралі лякацыю для здымак сюжэту: кватэра, якую мы з жонкай тады здымалі, сапраўдны бабушатнік з старой мэбляй. Паводле задумы, галоўны герой чакае гасьцей, глядзіць па старым „Гарызонце праграмы з 90-х, накрывае стол з дранікамі й малаком», — распавядае Максім.

Бюджэт кліпу склаў каля 100 даляраў, якія ў асноўным пайшлі на набыцьцё старога тэлевізара ды сяго-таго рэквізыту, а таксама на тэхнічныя выдаткі. А вось выраб касьцюмаў герояў нічога не каштаваў — аўтары роліку зрабілі ўсё сваімі рукамі.

Дапрацавалі кліп ужо сёлета — дазьнялі кадры з гуртом у актавай залі БНТУ, таксама на VHS, ды перамантавалі ранейшае хоўм-відэа. Вынік сваёй працы музыкі прэзэнтуюць у межах відэачарту на TuzinFM.

Дом сувязі — Дзед Барадзед (рэжысэры — Макс Марозаў, Міхаіл Цыганкоў, Зьміцер Уманец, Зьміцер Пышны)

 TuzinFM, фота цішоткі з symbal.by