Крылы
1424 / 0
05.03.2019

«J:морс». Вакол сьвету за 30 дзён

Гурт «J:морс» прэзэнтуе ў новым туры відэачарту на TuzinFM кліп на песьню «Крылы», які прысьвячаецца першаму беларускаму кругасьветнаму авіяпералёту.

У ролік увайшлі дакумэнтальныя кадры, зьнятыя на працягу ўсяго падарожжа: ад беларускіх лясоў да амэрыканскіх раўнін і бяскрайніх прастораў Атлянтыкі. У жніўні — верасьні 2018 году беларусы Аляксандар Цэнтар і Андрэй Барысевіч за 30 дзён пераадолелі 30 тысячаў кілямэтраў на аднаматорным вінтавым самалёце даўжынёй менш за 10 мэтраў. Андрэй Барысевіч кажа, што «J:морс» — адзін зь яго ўлюбёных гуртоў і ў палёце часта гучалі іх песьні. Калі музыкі дазналіся пра гэта з інстраграм-трансьляцыі, то перадалі відэапрывітаньне, у якім прасьпявалі песьню «Гренландия» напярэдадні пралёту над гэтым востравам. Па вяртаньні на Радзіму яны сустрэліся ды пасябравалі. З гэтага знаёмства і паўстала ідэя такога кліпу. Рэжысэрам выступіў Макс Сіры.

«Калі даведаўся, што беларускія хлопцы выправіліся ў кругасьветку на самалёце — радаваўся нібы дзіцё! — прызнаецца лідэр «J:морс» Уладзімер Пугач. — Мяне заўжды прываблівалі такія праекты. Я сам люблю падарожнічаць. Але калі мы праглядалі для кліпу відэаматэрыл зь пералёту, зразумеў, што з гэтым нічога немагчыма параўнаць. Хіба што палёт у космас».

Па выніках пералёту Letim.by падрыхтавалі паўнафарматны фільм, таму кліп можна лічыць трэйлерам да яго. А сама песьня «Крылы» дала назву новай канцэртнай праграме «J:морс».

J:морс — Крылы (рэжысэр — Макс Сіры)

TuzinFM