Бераг
2900 / 0
20.12.2018

Вецер і сонца нам дапамогуць. Відэа на п’есу з унікальнага альбому Port Mone

У трэцім туры чарту сэзону 2018/2019 трыё Port Mone прэзэнтуе відэа на песьню «Бераг», якое было зьнятае падчас запісу трэцяга альбому калектыву, запісанага пры дапамозе ветракоў і сонечных батарэяў.

Праца над відэа, як і над усім альбомам вялася ў чэрвені 2017 году. Музыка запісвалася адразу на дзьвюх пляцоўках — у салярным парку ў Рудашанах, дзе літоўскі інвэстар усталяваў на месцы былой звалкі 5 мэгават сонечных батарэяў, і ў ветрапарку побач зь вёскай Пудаўня ў Магілёўскай вобласьці.

«Ціхія сонечныя батарэі на месцы былога сьметніка пасярод курортнага рэгіёну ля возера Нарач і дзевяць ветракоў, што спраўна шумяць на краі соннай напалову закінутай вёскі на ўсходзе Беларусі, сталі ня толькі крыніцамі электраэнэргіі для нашай студыі на колах, але і незвычайным антуражам. Мы скарысталі ў музычнай тканіне жывую акустыку месца — вецер, птушак, дрэвы, што гамоняць…» — распавядаюць музыкі.

У відэа на адну зь песень «Shore/Бераг» з альбому «Whisper» Port Mone trio (менавіта так цяпер пішацца афіцыйна назва каманды) намагаліся перадаць усю атмасфэру гэтай незвычайнай студыйнай сэсіі. Сам рэліз пабачыць сьвет неўзабаве. Больш падрабязна пра стварэньне альбому можна пачытаць на афіцыйным сайце гурта.

Ролік быў прэзэнтаваны ў Міжнародны дзень ветру, які спраўляецца 15 чэрвеня. Ён возьме ўдзел у вясновым туры відэачарту на TuzinFM.

Port Mone trio — Бераг (рэжысэр — Аляксандра Канончанка)

TuzinFM