Пра чорныя вочы
19829 / 0
03.04.2018

Літаратурны прывід. Re1ikt прысьвяціў відэа Зарэцкаму

Гурт Re1ikt прэзэнтуе ў відэачарце на TuzinFM кліп на песьню «Пра чорныя вочы», якая была створаная паводле апавяданьня расстралянага ў 1937 годзе пісьменьніка Міхася Зарэцкага.

У відэа можна ўбачыць унікальныя архіўныя дакумэнты, датычныя жыцьця і творчасьці Максіма Зарэцкага: старыя фота, выявы кніжных вокладак, даведку аб рэабілітацыі… «Мы не хацелі рабіць нейкую пастаноўку, здымаць рамантычную гісторыю, а вырашылі прадэманстраваць сьведчаньні жыцьця творцаў, выкрасьленых з памяці людзей», — тлумачыць бубнач гурта Re1ikt і аўтар роліка Аляксандар Дземідзенка.

Падчас працы над трэкам для праекту інтэрнэт-парталу TuzinFM «(Не) расстраляная паэзія» музыкі дасканала вывучылі творчасьць пісьменьніка. «У 20-я гады мінулага стагодзьдзя Зарэцкі быў літаратурнай зоркай: яго творы карысталіся вялікім попытам, а вострыя выступы ў прэсе жыва абмяркоўваліся. Але пасьля рэпрэсіяў ён стаў сапраўдным літаратурным прывідам. Многія рукапісы творцы загінулі, у прыватнасьці гістарычная драма „Рагнеда“ і працяг раману „Крывічы“. Дакумэнтаў і фота Зарэцкага таксама засталося вобмаль. З гэтай прычыны нам давялося зьвярнуцца ў архіў, каб знайсьці хоць нешта», — распавядае Алесь.

Песьня «Пра чорныя вочы» паўстала з апавяданьня Максіма Зарэцкага «Паэма пра чорныя вочы». Дагэтуль музыкі мелі ўжо досьвед па пераўтварэньні прозы ў паэзію на прыкладзе твораў Якуба Коласа і Яна Баршчэўскага.

TuzinFM