Чаго ты, лося
9003 / 0
23.08.2014

Re1ikt. А хто там тупае? (відэа)

Героі 2013 году ў беларускай музыцы прадстаўляюць у відэачарце на Tuzin.fm свой апошні ролік на песьню «Чаго ты, лося», які паказвае каманду зусім зь іншага боку.

У свой час Re1ikt моцна падзівіў сваіх прыхільнікаў, калі зьвярнуўся да фальклёру. Музыкі маюць цэлы блёк народных песень, куды разам з «Ой, рана на Йвана», «Тры Янгалы» уваходзіць і кампазыцыя «Чаго ты, лося». Дагэтуль найбольш вядомая яна была мусіць у выкананьні гурта Kriwi. Re1ikt народную музыку вырашыў спалучыць з арт-рокам, прычым не ў цяжкім электрычным гучаньні, а ў лёгкім і празрыстым акустычным. У гэтай песьні акром звыклых інструмэнтаў музыкі скарысталі рататомы. Кажуць адмыслова дзеля таго, каб імітаваць ласіны тупат.

Ролік здымалі саматугам, без капейчыны ў бюджэце. Рэжысэрам выступіў лідэр і бубнач калектыва Алесь Дземідзенка. «Месца для здымак мы абралі вельмі атмасфэрнае — Лошыцкі парк, — апавядае Алесь. — Здымаць найлепш было на сьвітанку ды ўкласьціся трэба ў невялікі прамежак часу, пакуль сонца ўзыходзіць, таму прыяжджалі ўначы, каб усё падрыхтаваць. Для наданьня калярыту ўвялі ў ролік незвычайнага героя — беларускую абрадавую ляльку, якая ажывае». Алесю дапамаглі ў здымках апэратар Віталь Наркевіч ды фатограф Натальля Кірушына.

Дарэчы, пасьля выданьня кліпа, вобраз абрадавай лялькі займеў попыт у прыхільнікаў каманды, а на фэсьце «Травень» акурат перад выступам Re1ikt сярод гледачоў разыгрывалі ляльку, вырабленую хэнд-мэйд майстрам Юліяй Катаржынскай.

Re1ikt — Чаго ты лося (рэжысэр Алесь Дземідзенка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm